Міжнародная фэдэрацыя абвесьціць рашэньне аб далейшым сяброўстве Беларускага Чырвонага Крыжа на пачатку сьнежня

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) абвесьціць пра сваё рашэньне наконт далейшага сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) на пачатку сьнежня, паведаміла «Позірку» мэнэджарка па камунікацыях Міжнароднай фэдэрацыі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Коры Батлер.

«Як гаварылася ў нашай кастрычніцкай заяве, мы далі Беларускаму Чырвонаму Крыжу час да 30 лістапада, каб прыняць рашэньне аб вызваленьні спадара Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара, — адзначыла яна. — Калі БЧК ня зробіць неабходных захадаў для адхіленьня дзейнага генсакратара, сяброўскія правы арганізацыі 30 лістапада 2023 году будуць аўтаматычна прыпыненыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аматар Лукашэнкі і прыёмаў у заходніх амбасадах. Што вядома пра кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцова
  • Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі на фоне ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
  • Сёлета на пачатку кастрычніка Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці генсакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблем і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
  • Па выніках расьсьледаваньня Міжнародная фэдэрацыя Чырвонага Крыжа ўжыла да Шаўцова абмежавальныя захады, забараніўшы яму займаць якія-небудзь кіроўныя пасады ў МФТЧКіЧП да далейшага апавяшчэньня, і заклікала Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Шаўцова ад пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году. Калі гэта ня будзе зроблена, БЧК пазбавіцца сяброўскіх правоў, фінансаваньня, ня зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а значыць, і галасаваць на ёй, ды інш.
  • 7 верасьня XXVI Зьезд Беларускага Чырвонага Крыжа прыняў аднагалоснае рашэньне аб працягу працы Дзьмітрыя Шаўцова на займанай ім пасадзе генэральнага сакратара.
  • За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмсілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя запатрабавала адстаўкі кіраўніка «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» Шаўцова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцоў працягне працу, нягледзячы на патрабаваньні Міжнароднай фэдэрацыі зьняць яго з пасады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску абвінавацілі заходніх дыпляматаў у нежаданьні разьбірацца ў сытуацыі з вывазам украінскіх дзяцей у Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заявіў, што дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, да пачатку поўнамаштабнай вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў, які носіць літару Z і пагражае ядзернай зброяй