Намесьніка старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Базанава не пусьцілі ў Польшчу, а візу анулявалі

Уладзімер Базанаў, архіўнае фота

Прычыны, чаму адмовілі ў праезьдзе на тэрыторыю Польшчы, а таксама анулявалі візу, невядомыя.

Намесьніка старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Базанава, які ехаў на матч жаночай зборнай Беларусі супраць каманды Славеніі, які праходзіў у Вэнгрыі, не пусьцілі ў Польшчу, а яго візу анулявалі. Пра гэта стала вядома Tribuna.com.

За камэнтаром наконт ануляваньня візы намесьніка кіраўніка БФФ выданьне «Зеркало» патэлефанавала ў прэс-службу Памежнай службы Польшчы.

«Мы не паведамляем журналістам аб пэрсаналіях асоб, якія перасякаюць мяжу Рэспублікі Польшча», — адказалі ў прэс-службе.

Раней Базанаў ня мог паехаць разам з жаночай нацыянальнай камандай Беларусі праз краіны Балтыі, бо з 20 лістапада 2020 году ён знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Прычыны адмовы ў праезьдзе на тэрыторыю Польшчы, а таксама ануляваньня візы на гэты момант невядомыя.

Раней было некалькі іншых выпадкаў, калі Базанава не пускалі ў Польшчу і Чэхію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольнага функцыянэра Ўладзіміра Базанава выслалі з Чэхіі і анулявалі Шэнгенскую візу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tribuna: кіраўнік Фэдэрацыі футболу Базанаў спрабаваў выехаць у Польшчу, яго не пусьцілі