Станцыі дэзынфэкцыі на мяжы вырашылі адкрываць толькі на КПП, якія працуюць

Аўтамабільны пераход на мяжы Беларусі зь Літвой, архіўнае фота

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь унёс зьмяненьні ў пастанову, датычную пытаньняў абавязковай дэзынфэкцыі аўтамабіляў пры ўезьдзе ў краіну.

Справа ў тым, што суседнія краіны Эўразьвязу ўвялі новыя абмежаваньні і, адпаведна, закрылі некалькі памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Таму цяпер станцыі дэзынфэкцыі аўтамабіляў будуць адкрываць толькі на пераходах, якія працуюць у цяперашні момант. Дакумэнт апублікаваў Нацыянальны прававы партал.

Такім чынам, цяпер у сьпісе пунктаў дэзынфэкцыі — пункты, створаныя на шасьці памежных пераходах: «Грыгараўшчына» (Латвія), «Беняконі», «Каменны Лог», «Катлоўка», «Прывалка» (усе — Літва), «Казловічы» (Польшча).

На пераходах з краінамі Эўразьвязу і Ўкраінай, якія часова закрылі ўлады суседніх дзяржаў, будаўніцтва станцый дэзынфэкцыі аўтамабіляў перанесьлі на тэрмін ад паўгода да году пасьля таго, як пераходы адкрыюць ізноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія гатовая цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю ў выпадку эскаляцыі мігранцкага крызісу

Станцыі дэзынфэкцыі пачалі працаваць у пунктах пропуску на межах Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай з 16 верасьня. Цана дэзынфэкцыі легкавога аўтамабіля складае 2 рублі, аўтобуса — 30 рублёў, грузавіка — 95 рублёў.

Для аплаты трэба будзе набыць кантрамарку. Яе можна купіць у аддзяленьнях банкаў і страхавых кампаній у пунктах пропуску, а таксама ў тэрміналах самаабслугоўваньня, у якіх кіроўца атрымае электронную кантрольную марку з QR-кодам.

Правяраць, ці ёсьць у кіроўцаў або ўладальнікаў транспартных сродкаў кантрольныя маркі, у пунктах пропуску будуць памежнікі, а ў кіроўцаў або ўладальнікаў транспартных сродкаў, адносна якіх памежны кантроль ажыцьцяўляецца мытнымі органамі, — мытнікі.

Калі ў кіроўцы ці ўладальніка аўтамабіля ня будзе кантрамаркі, транспартны сродак у Беларусь не прапусьцяць.

Арганізацыяй, якая аказвае платныя паслугі па абавязковай дэзынфэкцыі, стала ТАА «БелГлобалГарант». Гэтая фірма належыць прадпрымальніку Сяргею Цяцерыну, якога зьвязвае цеснае сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва яшчэ больш узмацніла кантроль на мяжы зь Беларусьсю. У Беларусі адрэагавалі