Прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу пачалі абмяркоўваць з Украінай мірныя перамовы з Расеяй, піша NBC News са спасылкай на двух высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША.
Некаторыя «далікатныя» абмеркаваньні адбыліся ў кастрычніку на сустрэчы Кантактнай групы па абароне Ўкраіны, у якую ўваходзяць больш за 50 краін. Па словах суразмоўцаў тэлеканала, у размовах закраналася, ад чаго Ўкраіне, магчыма, давядзецца адмовіцца, каб дасягнуць пагадненьня.
У сваю чаргу, саюз NATO гатовы прапанаваць Украіне «некаторыя гарантыі бясьпекі», якія ўтрымаюць Расею ад новага ўварваньня на яе тэрыторыю.
Крыніцы тэлеканалу адзначылі, што абмеркаваньні пачаліся на фоне асьцярог ЗША і краінаў Эўропы, што вайна зайшла ў тупік і што яны ня змогуць і надалей надаваць дапамогу Ўкраіне. У адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, сьцьвярджаюць чыноўнікі, таксама занепакоеныя, што ва Ўкраіны заканчваюцца сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма кампрамісных сцэнароў», — Падаляк аб прагнозах WP на заканчэньне вайны з прапановай Расеі перамір’яПры гэтым адміністрацыя Байдэна ня бачыць ніякіх прыкмет, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы на перамовы з Украінай, зазначаюць суразмоўцы NBC News. Па іх словах, заходнія чыноўнікі кажуць, што Пуцін спадзяецца «пераседзець Захад», ці працягваць барацьбу, пакуль заходнія краіны ня вырашаць перастаць надаваць ваенную дапамогу Ўкраіне ці пакуль гэтая дапамога ня стане занадта дарагой.
Па словах чыноўнікаў, ва Ўкраіны ёсьць час да канца гэтага года ці крыху больш, пасьля чаго пачнуцца «больш тэрміновыя дыскусіі аб мірных перамовах».
Публічна прадстаўнікі ЗША адмаўляюць, што падштурхоўваюць Украіну да перамоваў і што такія абмеркаваньні ўвогуле зь ёй вядуцца. «Любыя рашэньні аб перамовах застаюцца за Ўкраінай. Мы сканцэнтраваныя на тым, каб працягваць падтрымліваць Украіну, якая абараняе сваю свабоду і незалежнасьць ад расейскай агрэсіі», — заявіла прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдрыен Уотсан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Трэба завяршыць вайну, перш чым Украіна далучыцца да NATO ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Gallup: большасьць украінцаў настроены весьці вайну з Расеяй да поўнай перамогі