Землятрус на паўночным захадзе Нэпалу забраў жыцьці сама меней 128 чалавек, яшчэ сотні атрымалі раненьні. Выратавальная апэрацыя працягваецца, паведамляе агенцтва AP.
Нацыянальны цэнтар маніторынгу і дасьледаваньня землятрусаў Нэпалу паведаміў, што эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся прыкладна ў 400 кілямэтрах ад сталіцы краіны — Катманду. Паводле папярэдніх зьвестак цэнтру, ён меў магнітуду 6,4. Геалягічная служба ЗША ацаніла яе ў 5,6, піша Reuters.
У выніку землятрусу сувязь з многімі населенымі пунктамі была перапыненая. У гарах сышлі апоўзьні, перакрыўшы дарогі і сьцежкі. Да выратавальнай апэрацыі прыцягнулі верталёты. Суседняя Індыя, у сталіцы якой таксама адчуваўся землятрус, ужо прапанавала Нэпалу «ўсю магчымую дапамогу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад урагану «Кіяран» у Эўропе загінулі некалькі чалавек