У МЗС Беларусі выклікалі польскага дыплямата з нагоды паветранага інцыдэнту, пра які раней не паведамлялі

Верталёт Мі-24. Ілюстрацыйнае фота.

У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцяхоўскага. Яму выказалі рашучы пратэст праз парушэньне польскім паветраным суднам дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Пра гэта інфармуе прэсавая служба МЗС Беларусі.

У паведамленьні сьцьвярджаецца, што парушэньне беларускай мяжы здарылася 2 лістапада.

Да гэтага ні Памежны камітэт, ні Міністэрства абароны не паведамлялі пра парушэньне мяжы 2 лістапада.

Згодна з паведамленьнем, у МЗС «запатрабавалі правядзеньня ўважлівага расьсьледаваньня інцыдэнту і прыняцьця дзейсных мер па выключэньні падобных выпадкаў у будучыні. Рашуча ўказалі на прынцыповую недапушчальнасьць халатнага стаўленьня да выкананьня палётаў у прымежнай зоне».

Афіцыйны прадстаўнік апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Польшчы заявіў Reuters, што ў Польшчы аналізуюць заяву Беларусі аб парушэньні яе паветранай прасторы і правяраюць запісы радараў.

«Мы правяраем запісы нашых радыёлякацыйных сыстэм і авіяцыйных сыстэм, каб убачыць, ці было якое-небудзь парушэньне», — заявіў ён.

  • 1 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў пра парушэньне паветранай прасторы польскім вайсковым верталётам Мі-24 у Бераставіцкім раёне (Горадзенская вобласьць). Сьцьвярджалася, што баявая машына перасекла мяжу на вельмі малой вышыні, заляцела ўглыб Беларусі на адлегласьць да 1,2 км, а потым вярнулася назад.
  • Роўна за месяц да таго інцыдэнту, 1 жніўня, Польшча заявіла пра парушэньне паветранай прасторы краіны двума беларускімі вайсковымі верталётамі. Міністар абароны Марыюш Блашчак у сувязі з гэтым даручыў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы зь Беларусьсю і выдзеліць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты. Афіцыйны Менск факт парушэньня не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе разьмясьціць ля мяжы зь Беларусьсю аэрастаты для выяўленьня аб'ектаў, якія нізка лётаюць