У лютым 2021 году Андрэевай прысудзілі 2 гады зьняволеньня паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцьця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая дагэтуль.
Ужо больш за два з паловай гады Кацярыну Андрэеву трымаюць у жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Вядома, што палітзьняволеная працуе на швейнай вытворчасьці, у вольны час яна чытае і піша вершы.
Стала вядома, што напярэдадні дня народзінаў у яе абвастрылася сытуацыя са здароўем.
«Кацярына ўсё часьцей пакутуе на алергію. Сёлета некалькі разоў у калёніі фарбавалі памяшканьні, а на фарбу ў яе рэзкая алергічная рэакцыя — станавілася цяжка дыхаць, пачынаўся кашаль. Ужо некалькі разоў у выніку такіх алергічных прыступаў яна трапляла ў санчастку. Нядаўна прыступ паўтарыўся. Добра, што лекары ставяцца да сваіх абавязкаў адказна і яна атрымала ўсю неабходную дапамогу. Цяпер ёй лягчэй», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй вакол Кацярыны Андрэевай.
Вершы Кацярына Андрэева піша па-беларуску і па-расейску. Некаторыя зь іх у сваіх сацсетках публікуе ейны муж Ігар Ільяш. Вось радкі зь верша бяз назвы, якія, на ягоную думку, адлюстроўваюць цяперашні досьвед Кацярыны.
А во мраке колючие звёзды, в строю по пять.
Средь высоких снегов кружат и кружат, скользя.
Их нельзя ни остановить, ни обнять —
Впрочем, оно и к лучшему, что нельзя.
Некаторыя вершы Кацярыны Андрэевай у межах праекту FreeAllWords былі перакладзеныя на розныя эўрапейскія мовы. «Аднак у калёніі вельмі шмат працы, таму знаходзіць час на вершы атрымліваецца рэдка», — паведамляла пра недахоп часу для творчасьці аўтарка.
«Натуральна, ніхто ня мог падумаць, што ёй прыйдзецца сустракаць 30-годзьдзе за кратамі. Усім вельмі цяжка з гэтым зьмірыцца. Але, мяркуем, Кацярына ні пра што не шкадуе», — кажа крыніца пра Кацярыну Андрэеву.
Палітзьняволенай дазволеныя спатканьні і перадачы. Знаёмыя Кацярыны Андрэевай мяркуюць, што да іхных віншаваньняў з днём народзінаў далучацца сяброўкі, зь якімі ёй даводзіцца разам пакутаваць у няволі.
«Больш за ўсё яна любіць, калі дораць эмоцыі, а канкрэтныя рэчы — гэта ўжо другаснае. Калі б так здарылася, што яна раптам выйшла на волю перад сваім 30-годзьдзем, то, меркавана, адзначала б гэты дзень у прыгожым падарожжы, на беразе мора. І родныя былі б побач зь ёю», — кажа крыніца пра палітзьняволеную Кацярыну Андрэеву і нагадвае яе словы, перададзеныя раней з калёніі: «Трэба сьціснуць зубы, зьберагчы сябе і дачакацца вызваленьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьціснуць зубы, зьберагчы сябе і дачакацца вызваленьня». Што вядома пра зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекар, музыка, прадпрымальнік. Каго ў Беларусі вінавацілі ў шпіянажы альбо здрадзе дзяржаве