Ад 1 верасьня пастаянны ўдзельнік палітычных ток-шоў на беларускіх і расейскіх тэлеканалах Аляксандар Шпакоўскі стаў дарадцам-пасланьнікам пасольства Беларусі ў Расеі. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Паўла Лёгкага, былога кіраўніка прэс-службы Лукашэнкі і намесьніка міністра інфармацыі.
Аляксандар Шпакоўскі даўно актыўна падтрымлівае беларускія ўлады, але дагэтуль ня меў ніякіх дзяржаўных пасадаў. На новай дыпляматычнай працы Шпакоўскі заяўляе, што Беларусь зацікаўленая ў партах акупаванага Крыму.
Свабода ўспамінае, чым вядомы Аляксандар Шпакоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандыст Шпакоўскі атрымаў пасаду ў амбасадзе Беларусі ў МасквеМае прозьвішча маці
Аляксандар Шпакоўскі нарадзіўся ў 1984 годзе ў Менску. Шпакоўскі — гэта прозьвішча маці прапагандыста, якая працавала інжынэрам, цяпер яна пэнсіянэрка. Бацька, які меў прозьвішча Назараў, зь сям’ёй ніколі ня жыў. Як расказваюць колішнія сябры Шпакоўскага, маці была прыхільніцай Зянона Пазьняка.
У выхаваньні Аляксандра таксама бралі ўдзел бабуля зь дзядулем — матчыны бацькі. Яны жылі ў вёсцы Садовая Клецкага раёну (раней вёска называлася Блячын). Менавіта ў тых мясьцінах і праходзіла дзяцінства хлопца.
Шпакоўскі скончыў беларускамоўную гімназію № 4 у Менску ў раёне Кунцаўшчыны. У адным з інтэрвію казаў, што яшчэ школьнікам захапіўся ідэямі беларускіх традыцый і пошукаў каранёў. Так ён трапіў у шэрагі незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды, якую ўзначальваў Сяржук Высоцкі. Сам Шпакоўскі прызнаваўся, што яго цікавілі больш радыкальныя погляды, чым тыя, якія прапаноўвала звычайная апазыцыя.
Бойкі зь віетнамцамі і фан-сэктар «Дынама»
Адзін з колішніх паплечнікаў Шпакоўскага па «Правым альянсе» расказвае, што Аляксандар трымаўся вельмі радыкальных поглядаў.
«У нас на раёне пра такіх сказалі б „касячны“. Яму і ў бубен маглі настукаць, і выпіць ён можа, і ў казіно схадзіць. Была гісторыя, калі яшчэ школьнікам Шпакоўскі ледзь ня трапіў пад крыміналку за бойку ці то з кітайцамі, ці то віетнамцамі, ледзь выцягнулі яго ад адказнасьці. Адбівалася тое, што яго гадавала адна маці, то ён заўсёды шукаў нейкіх мужчынскіх радыкальных кампаній», — кажа колішні паплечнік.
Паводле суразмоўцы Свабоды, Шпакоўскі прайшоў і праз субкультуру скінгэдаў, і праз фан-сэктар футбольнага менскага «Дынама». Пры гэтым, калі ў той час большасьць фанатаў былі прарасейскімі, Шпакоўскі меў прабеларускія погляды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларускія прапагандысты расказваюць на расейскім ТВ«Дзед, куды ты лезеш?»
Калі Беларуская партыя свабоды самараспусьцілася, то Аляксандар Шпакоўскі стаяў ля вытокаў стварэньня іншай кансэрватыўнай арганізацыі правага толку — «Правага альянсу».
Сам Шпакоўскі казаў, што ўспрымаў «Правы альянс» як трэцюю сілу ў беларускай палітыцы, не зьвязаную ні з уладамі, ні з апазыцыяй. Аляксандар быў кіраўніком менскага падразьдзяленьня «Правага альянсу».
Падчас выбараў 2006 году «Правы альянс» займаўся арганізацыяй аховы адзінага кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Калі паглядзець на фота выбарчай кампаніі, то падчас многіх мітынгаў і паездак Мілінкевіча суправаджаў менавіта Шпакоўскі.
Адзін з суразмоўцаў «Свабоды» ўспомніў выпадак, калі падчас мітынгу ня ў Менску на сцэну спрабаваў трапіць былы сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, а Шпакоўскі яго не пускаў: «Дзед, куды ты лезеш?». Толькі пасьля таго як Шпакоўскаму патлумачылі, хто такі Шушкевіч, палітык змог выступіць.
Пасьля падзей Плошчы 2006 году Аляксандар Шпакоўскі не сядзеў на сутках. У сьпісах праваабаронцаў за той пэрыяд ёсьць імя Аляксандра Шпакоўскага, які атрымаў 20 базавых велічынь штрафу.
Колішнія паплечнікі мяркуюць, што гэта мог быць момант вэрбаваньня Шпакоўскага супрацоўнікамі спэцслужбаў.
«Пасьля Плошчы 2006 году ў яго адбыўся надлом, былі праблемы з вучобай, яго дзяўчына зьехала па студэнцкай праграме ў Амэрыку і не вярнулася. Ён зь вялікім скепсісам пачаў ставіцца да апазыцыйнага руху», — кажа колішні паплечнік.
Не захацеў быць вінцікам сыстэмы
Шпакоўскі вучыўся на гістарычным факультэце Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Пасьля сканчэньня ВНУ крыху папрацаваў у школе, а пасьля паспрабаваў сябе ў ролі мясцовага чыноўніка ў адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску.
«Пасьля разьмеркаваньня ў школу падумаў, што змагу прасунуць свае ідэі і на дзяржаўнай службе, таму і пайшоў у выканкам. На жаль, не атрымалася. Пакуль не атрымалася. Калісьці ўлада будзе разумная. Пакуль усё, што не інсьпіруецца ўладай, сустракаецца ёю з падазрэньнем. Нават калі нясе ў сабе нейкае рацыянальнае зерне. Узгадваецца выпадак з маёй кароткай біяграфіі дзяржчыноўніка. Ёсьць такое грамадзкае аб’яднаньне „Клюб любячых бацькаў“. Неяк яны даслалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну ліст, дзе папрасілі даць сьпіс нашых мерапрыемстваў да „Дня Маці“. Хацелі гэта ўлічыць пры плянаваньні сваёй дзейнасьці. Дакумэнт аддалі да выкананьне мне. Начальніца прагаварыла альгарытм маіх дзеяньняў. Перш-наперш трэба патэлефанаваць у КДБ і даведацца, ці няма да іх прэтэнзій. Калі іх няма, дасылаць сьпіс мерапрыемстваў», — расказваў Шпакоўскі ў інтэрвію журналісту Аляксандру Тамковічу.
У іншай гутарцы ён казаў, што падчас працы чыноўнікам адчуваў сябе «бяздушным вінцікам сыстэмы». З адміністрацыі раёну звольніўся па ўласным жаданьні.
«Насамрэч ён даволі разумны, зусім не ідыёт, у яго добрая памяць, можа запамінаць вялікія кавалкі тэксту», — расказвае Свабодзе адзін з суразмоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладныя аналітыкі Дзермант, Шпакоўскі і Аўдонін прыляцелі ў анэксаваны Расеяй КрымВыступаў супраць камуністаў
Бліжэй да пачатку 2010-х палітычныя погляды Аляксандра Шпакоўскага становяцца ўсё больш праўладнымі.
«Нашмат больш нам падабаецца лёзунг „За моцную і квітнеючую Беларусь!“, чым „Хто заўгодна, толькі не Лукашэнка!“. Мы не зьбіраемся з мэтай зьвяржэньня ўлады ўступаць у кааліцыі з нашымі ідэалягічнымі ворагамі і ворагамі беларускай дзяржавы, кшталту камуністаў», — пісаў у 2010 годзе Аляксандар Шпакоўскі яшчэ будучы сябрам «Правага альянсу».
Разам з тым прыкладна ў той самы час Аляксандар Шпакоўскі актыўна супрацоўнічае з рухам «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.
«Я асабіста ведаю Аляксандра Мілінкевіча. Ведаю як чалавека нацыянальна арыентаванага. Хоць і не радыкала, але сапраўднага дэмакрата — гэта дакладна. У гэтым чалавеку мы ўпэўненыя», — казаў Шпакоўскі.
Рэпрэсаваны прадзед, хваліць Сталіна
Захавалася відэа (з пункту 8:07) беларускамоўнага выступу Аляксандра Шпакоўскага падчас адзначэньня Дзядоў 2011 году.
«Браты і сёстры, для мяне гэта ня проста нейкі мітынг ці „шлях“. Для мяне гэта дзень жалобы, які тычыцца маёй сям’і — мой прадзед Міхась Шпакоўскі быў расстраляны камуністамі [...] Мы павінны памятаць пра нашых памерлых, калі ня будзем гэтага рабіць, то наўрад ці будзе шчасьце ў жывых. Сёньня ў нас ня толькі смутак, але і радасьць, бо маем незалежную краіну. Гэта тое, дзеля чаго гэтыя людзі загінулі. Нашы ворагі хацелі ў нас адабраць самае сьвятое — права звацца нацыяй. Наша задача, хлопцы, як нацыяналістаў, каб нацыяналізм стаўся ня проста ідэалёгіяй, а нормай жыцьця любога здаровага чалавека, беларуса. Мы абавязкова да гэтага прыйдзем», — казаў Шпакоўскі. Свой выступ ён скончыў словамі «Жыве Беларусь».
Нацыяналістам Шпакоўскі называў сябе і раней. У нядаўнім інтэрвію для БТ Шпакоўскі апавядаў, што прадзеда рэпрэсавалі за тое, што «захоўваў партрэт імпэратрыцы». У 1948 годзе прадзед прапагандыста быў рэабілітаваны.
Цяпер жа Шпакоўскі кажа, што пры Сталіну было «70% добрага і 30% кепскага».
«Неразумна адмаўляць рэпрэсіі, перагібы калектывізацыі, асабістыя трагедыі сотняў тысяч і нават мільёнаў людзей. Але нават гэта ніяк не засланяе посьпехаў грандыёзнай індустрыялізацыі, перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — сьмяротнай схватцы за выжываньне, аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і Беларусі, распаўсюджваньня савецкага ўплыву на Цэнтральную Эўропу і значную частку сьвету, а таксама стварэньня айчыннай атамнай бомбы, што, перакананы, зьберагло нашу краіну ад ядзернай агрэсіі ЗША», — пісаў Шпакоўскі сёлета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Твар беларускай прапаганды. Гісторыя жыцьця Рыгора АзаронкаЗнаёмства з Карпянковым
Відавочцы кажуць, што Аляксандар Шпакоўскі ўдзельнічаў у Плошчы 2010 году. Пры гэтым ён не падтрымліваў ніводнага з кандыдатаў. Калі пасьля выбараў у сяброў «Правага альянсу» праходзілі ператрусы, затрыманьні, то гэтая хваля рэпрэсій ніяк не закранула будучага прапагандыста.
Менавіта Шпакоўскаму належала ідэя сыходу «Правага альянсу» з палітычнай дзейнасьці ў грамадзкую. Сам Шпакоўскі больш засяроджваецца на дзейнасьці грамадзкай арганізацыі «Антымак».
Калі цяпер Шпакоўскі крытыкуе апазыцыю за тое, што яна мае гранты з заходніх краін, то ў свой час ён таксама атрымліваў такую дапамогу на сваю дзейнасьць.
«У нас на офісе нават ляжалі гэтыя дакумэнты, падчас апошняга ператрусу ўсё забралі», — расказвае прадстаўнік руху «За свабоду» пра заходнія гранты на дзейнасьць «Антымаку».
Разам з тым у пытаньні барацьбы з наркотыкамі Шпакоўскі знайшоў падтрымку ў многіх сілавых структурах, найперш у міліцыі. Так ён пазнаёміўся зь цяперашнім камандуючым унутраных войскаў і былым кіраўніком ГУБАЗіКу Мікалаем Карпянковым.
Казалі Лукашэнку, што ён «новы Вітаўт»
Паралельна з «Антымакам» Шпакоўскі разам з Аляксеем Дзермантам, Ягорам Чурылавым і Аляксандрам Сінькевічам пачынаюць праект «Цытадэль».
«Яны спрабавалі прадаць Адміністрацыі прэзыдэнта тое, што Лукашэнка — гэта новы Вітаўт. Прапаноўвалі забраць у апазыцыі бел-чырвона-белы сьцяг. Ужо тады іх ідэі патыхалі эўразійствам, але яшчэ былі нацыянальна арыентаваныя», — кажа былы сябра Шпакоўскага.
На думку суразмоўцы, праект «Цытадэлі» «ня стрэліў». Але Шпакоўскага заўважылі ў расейскіх канторах, такіх як «Россотрудничество» і Фонд Гарчакова. З гэтага моманту пачынаецца іх актыўнае супрацоўніцтва.
«Новы патрыятызм у Шпакоўскага стаў такім БССР-аўскага кшталту, з чырвона-карычневым адлівам», — кажа суразмоўца Свабоды.
Аляксандар усё часьцей зьяўляецца ў беларускіх дзяржаўных мэдыя. Спачатку друкаваных, як «Народная газета» і «Рэспубліка», а потым на ТБ — на этэры ў сваё шоў яго кліча Вадзім Гігін. Шпакоўскі пад сябе рэгіструе арганізацыю «Актуальная канцэпцыя». Пачынаецца таксама больш актыўнае супрацоўніцтва зь Міністэрствам замежных справаў.
«Рэжым бараніць ён ня будзе»
У 2020 годзе Шпакоўскі падтрымаў гвалт сілавікоў, хоць зрабіў гэта не адразу. Многіх іншых прапагандыстаў абурыла, што Аляксандар не прыйшоў на мітынг у падтрымку Лукашэнкі 16 жніўня.
Пазьней ён стаў выказвацца яшчэ радыкальней: заклікаў да рэпрэсій супраць іншадумцаў.
«Як у нашай краіне, гэтак, мабыць, і за яе межамі ад адной абрэвіятуры „ГУБАЗ“ у жулікаў і экстрэмістаў усіх масьцей пачынаюцца эпілептычныя прыпадкі», — пісаў ён у падтрымку ГУБАЗіКу.
Падтрымаў ён і вайну Расеі супраць Украіны. Прадказваў, што Зяленскі будзе выступаць накшталт Рамана Пратасевіча і хваліць Пуціна. А потым сказаў, што ад перамогі ў вайне Расеі залежыць і будучыня Беларусі.
«Ён ня будзе бараніць гэты рэжым і яго ідэі — гэта дакладна. Яму падабаецца быць у промнях сафітаў, адчуваць сваю экспэртнасьць, але ня больш за тое. І гэта дакладна», — сказаў Свабодзе адзін з былых сяброў Шпакоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі — фашызм без ідэалёгіі», — гісторык Пашкевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін сусед — «дэбіл», другі — «тупы», трэці — «безгаловы бандэравец». Якімі паказвае беларусам суседнія народы дзяржаўная прапаганда