Паседжаньне адбылося пад старшынствам генэральнага пракурора Андрэя Шведа. Апрача сілавікоў, у камісію ўваходзяць адыёзныя прапагандысты.
Сайт Генпракуратуры паведамляе пра два станоўчыя рашэньні, прынятыя камісіяй:
«Напрыклад, з улікам зьвестак аб асобе адной заяўніцы, характару ўчыненага злачынства камісія прызнала мэтазгоднасьць замены ў дачыненьні да яе меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту на мякчэйшую. У пададзеным звароце яна прывяла зьвесткі аб шчырым раскаяньні, гатоўнасьці прынесьці публічныя прабачэньні і пакрыць шкоду. Шчыра жадае вярнуцца на Радзіму да сям’і, малалетняй дачкі і састарэлых бацькоў, якія маюць патрэбу ў яе клопаце і дапамозе».
У другім выпадку заяўнік нібыта «ўказаў, што баіцца вяртацца на Радзіму праз тое, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах, дваровых сходах, вывешваў бел-чырвона-белыя палотнішчы, выказваў недавер да вынікаў выбараў.
«Пераасэнсаваўшы тое, што адбывалася, і свае дзеяньні, гатовы несьці адказнасьць і выконваць Канстытуцыю, законы сваёй краіны. Камісіяй падрыхтаваны адказ аб адсутнасьці ў дачыненьні да заяўніка пачатага адміністрацыйнага працэсу аб правапарушэньнях, узбуджанай крымінальнай справы і іншых адпаведных неспрыяльных наступстваў», — сьцьвярджае Генпракуратура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура расказала, як павялічылася колькасьць заяў у «камісію па вяртаньні»- Камісія была створаная ўказам Лукашэнкі 6 лютага 2023 году і прадугледжвае, што звароты грамадзянаў могуць быць накіраваныя да 31 сьнежня 2023 году.
- Генпракуратура запусьціла адмысловы сайт. Як паведамлялася, тыя, хто зьвернецца ў камісію, павінны растлумачыць, чаму яны асьцерагаюцца вярнуцца, раскаяцца, публічна выбачыцца і пакрыць прычыненую шкоду.
- У траўні паведамлялася, што камісія пачала таксама разглядаць і «магчымасьць вяртаньня да прафэсійнай дзейнасьці асобных спартоўцаў на запыт адпаведных фэдэрацыяў».
- У красавіку генпракурор Андрэй Швед заявіў, што за два месяцы камісія па вяртаньні атрымала 56 заяваў, аднак у ліпені «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ў камісію паступіла толькі 16 заяваў.