Грамадзяніна Беларусі, які праз балоты дабраўся да ўкраінскай тэрыторыі, памясьцілі ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства для далейшага прымусовага выдварэньня за межы Ўкраіны.
Як стала вядома Свабодзе, беларуса затрымалі на тэрмін, ня большы за шэсьць месяцаў.
Згодна з заканадаўствам Украіны, грамадзянін Беларусі ў часе знаходжаньня ў такім пункце можа зьвярнуцца да міграцыйнай службы па атрыманьне міжнароднай абароны або статусу ўцекача.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус па балотах перасек мяжу з Украінай, каб уладкавацца там на працу. Яго затрымалі30 кастрычніка стала вядома, што грамадзяніна Беларусі затрымалі 24 кастрычніка ў часе незаконнага перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы.
Ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі і затрымалі. Гэта адбылося на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць).
У судзе, які яго аштрафаваў на 8,5 тысячы грыўняў (прыблізна 240 даляраў у эквіваленце) за незаконнае перасячэньне мяжы, беларус паведаміў, што працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць «палітычнага рэжыму ў Беларусі».
Што вядома пра пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў
Ва Ўкраіне для незаконных мігрантаў створаныя і дзейнічаюць тры пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі — у Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласьцях.
Рэжым утрыманьня грамадзян у такіх пунктах падобны да рэжыму ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца толькі па тэрыторыі пункту, насіць уласнае адзеньне, пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, сустракацца з праваабаронцамі, адвакатамі, дыпляматамі ўстаноў краіны свайго паходжаньня.
Рашэньне аб прымусовым выдварэньні (рэадмісіі) затрыманыя грамадзяне могуць абскардзіць у судзе.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы. Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.
Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны ў сакавіку 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадараў Беларусі ва Ўкраіне і Эстоніі вызвалілі ад пасадаў