Два гады таму, 30 кастрычніка 2021 года, у менскім аэрапорце затрымалі былую журналістку польскага тэлеканалу TVP Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку, якія вярталіся з адпачынку ў Эгіпце. Праз 9 месяцаў Гомельскі абласны суд асудзіў Ірыну на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы яе вінаватай ва ўдзеле ў масавых пратэстах паводле 342-га артыкулу КК («Дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (361-ы артыкул КК). Суд над журналісткай праходзіў у закрытым рэжыме. Адбывае пакараньне Ірына Слаўнікава ў жаночай калёніі №4 у Гомлі.
Муж журналісткі Аляксандар Лойка, якому пасьля вызваленьня зь вязьніцы на Акрэсьціна ўдалося выехаць за мяжу, паведаміў апошнія зьвесткі пра яе знаходжаньне ў калёніі.
«Сказала, што цяпер вельмі мала вольнага часу. Працуе на «швейцы», а гэта даволі цяжкая, напружаная праца. Стамляецца. У дзьве зьмены працуе. Бывае, што і па суботах. У дадатак да гэтага яе рэгулярна ставяць на дзяжурствы: то «кубрык» (жылы пакой у калёніі. – РС) даводзіцца прыбіраць, то адпраўляюць працаваць на кухню і ад гэтага вольнага часу бракуе. Нават, каб напісаць ліст, не хапае часу. Бывае, што пачынае ліст у адзін дзень, а дапісвае ў іншы і выбачаецца, што не ўдалося закончыць адразу», – расказаў Аляксандар.
Паводле мужа журналісткі, яе здароўе ў зьняволеньні пагоршылася.
«Акрамя таго, што пагоршыўся зрок і мусіла заказаць новыя акуляры, дык адбіваецца ранейшая хвароба. Ёй патрэбна добрая тэрапія. Сваякі, што могуць, робяць, перадаюць ёй лекі. Добра, што лекі прымаюць. А пра астатняе… Будзем спадзявацца на лепшае. Яна мае магчымасьць купляць прадукты ў краме, перадачы атрымлівае. З гэтым усё добра, ня скардзіцца», – падзяліўся муж зьняволенай журналісткі.
На волі падчас адпачынку Ірына Слаўнікава займалася дайвінгам. Пра яе заняткі спортам у калёніі муж ня ведае.
«Паведамляла, што спрабавала там займацца ёгай, але не пайшла справа. Магчыма, няма ўмоваў», – мяркуе Аляксандар.
На судзе Ірына не прызнала віны і ў калёніі не пісала прашэньня аб памілаваньні. Яе тэрмін заканчваецца ўвесну 2026 году. Аляксандар Лойка падзяліўся думкамі жонкі пра будучае жыцьцё на волі.
«Вядома, як усе зьняволеныя, яна марыць пра тое, каб вызваліцца раней. А чым непасрэдна будзе займацца на волі, мы пакуль не абмяркоўвалі: спатканьня ж не было. За два гады ў нас было толькі тры відэазванкі, і тыя кароткія. Апошні званок быў усяго цягам хвіліны. Ведаю, што яна вельмі разгубілася з гэтай прычыны. Затое за два гады маем ад яе каля 300 лістоў! Дакладна ведаю, што марыць падарожнічаць, як выйдзе на волю. Яна ж вельмі любіць вандраваць. Дзякуючы ёй мы пабывалі ў шмат якіх краінах, у далёкіх кутках сьвету. Ірына выдатна ўмее арганізаваць такія падарожжы – яна калісьці працавала і бухгальтарам, можа наперад добра пралічыць выдаткі, усё прадугледзіць. Але галоўная мэта ў яе цяпер нават ня гэта, а каб захаваць у сабе чалавека. Марыць выйсьці на волю нармальнай жанчынай, чалавечнай, добрай. Ня стаць ад гэтых выпрабаваньняў, якія зьведала, іншай, жорсткай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адказала мужу палітзьняволенай: «Праблема ў тым, што з боку рэжыму няма жаданьня вызваляць палітвязьняў»