ПВК «Вагнэр» пяройдзе пад кіраваньне Расгвардыі і часткова вернецца на фронт

Вучэньні вагнэраўцаў і войска РБ

Праўдападобна, наймітам арганізацыі знайшлі прымяненьне пасьля гібелі іхнага лідэра Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе.

ПВК «Вагнэр» пяройдзе пад кіраваньне Расгвардыі, заяўляе тг-канал арганізацыі. Кампанія афіцыйна стала падразьдзелам у складзе Расгвардыі.

«Усім супрацоўнікам прапанавана заключыць індывідуальны кантракт, інакш дапрацоўваюць на ўмовах дзейнага. Уся структура „групы Вагнэр“, парадак працы, камандзіры, застаюцца ранейшымі.

Будуецца з нуля база групы „Вагнэр“ у зоне СВА („спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“, так у Расеі называюць захопніцкую вайну супраць Украіны — заўв.Свабоды), атрады рыхтуюцца да працы на „блізкім“ (6 месяцаў). Задачы на „далёкім“ (9 месяцаў) і Беларусь, захоўваюцца».

Асобна канал ПВК «Вагнэр» заявіў, што людзей, якія перайшлі з ПВК у структуры пад кіраўніцтвам Міністэрства абароны Расеі і іншыя дабраахвотніцкія атрады, назад у склад «вагнэраўцаў» прымаць ня будуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны яшчэ 4 беларусаў, якія загінулі, ваюючы за Расею ва Ўкраіне. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы заявіла, што вагнэраўцы рыхтавалі пераварот у яе краіне

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.