Са Смаленскай вобласьці ў Беларусь вярнулі 12 тон памідораў. Якая прычына

Пра прычыны вяртаньня ў Беларусь вялікай партыі гародніны паведаміў на сваім сайце Рассельгаснагляд.

Памідоры зь Беларусі былі вернутыя Ўпраўленьнем Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калускай абласьцях.

Прадукцыя агульнай вагой каля 12 тон накіроўвалася да атрымальнікаў у Маскве. Месцам паходжаньня памідораў была пазначаная Менская вобласьць.

У паведамленьні Рассельгаснагляду прычына вяртаньня памідораў у Беларусь пададзена наступным чынам:

«Па выніках кантролю фітасанітарныя інспэктары... выявілі ў пладах карантынны аб’ект — вірус мазаікі пэпіна (Pepino mosaic virus). Гэтыя высновы таксама былі пацьверджаныя вынікамі дасьледаваньняў, праведзеных у Смаленскім філіяле падведамнага Рассельгаснагляду ФГБУ УНДІЗЖ».

У выніку, каб «не дапусьціць пранікненьня і распаўсюджваньня на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі названага небясьпечнага карантыннага аб’екту, таматы вернутыя адпраўніку», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • Раней Расея ня раз вяртала ў Беларусь вялікія партыі яблыкаў, у тым ліку польскіх, масла, мяса і іншыя харчовыя тавары. У 2019 годзе пасьля сьнежаньскага (2018 году) «ўльтыматуму Мядзьведзева» паміж дзьвюма краінамі адбывалася тое, што назіральнікі пасьля назвалі «малочнымі войнамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў размоваў пра інтэграцыю Расеі і Беларусі. Што адбываецца