У Бэрліне пройдзе чытаньне твору беларускі Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты». Размова з аўтаркай

Юлія Цімафеева. Архіўнае фота

Паэтка і перакладчыца расказала, чаму важна трымаць беларускую тэму на парадку дня.

Чытаньне адбудзецца ў Maksim Gorki Theater. На прэм’еру 27 кастрычніка раскупілі ўсе квіткі.

«„Палітычнае“ ўсе мы разумелі і адлюстроўвалі па-свойму»

Цягам гэтага году Юлія ўдзельнічала ў праекце «While History Writes Itself» (з англ. — «Пакуль гісторыя піша сябе сама»), ініцыяваным драматургамі Сашай Марыянай Зальцман (Нямеччына) і Анастасіяй Касадзій (Украіна). У пісьменьніцкай майстэрні, якая працавала на базе бэрлінскага Maksim Gorki Theater, удзельнічалі драматургіні і драматургі з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, апавядае Юлія.

Паэтка кажа, што калектыўная праца стала для яе выклікам.

«Палітычныя зьмены ў краінах і грамадзтвах на фоне страшнай вайны, разьвязанай Расеяй ва Ўкраіне, мусілі стаць галоўнай тэмай нашых тэкстаў, але, безумоўна, „палітычнае“ ўсе мы разумелі і адлюстроўвалі па-свойму. Для мяне гэта быў першы досьвед драматургічнай майстэрні, я раней наогул не пісала п’есаў, калі не лічыць школьныя гады. І я ўдзячная майму мужу, пісьменьніку Альгерду Бахарэвічу, які падтрымліваў мяне ў новым досьведзе».

У драматургічную групу, зь якой працавала Юлія, увайшлі Івана Сайко (Харватыя — Нямеччына), Наталья Граўр (Малдова), Таня Шлівар (Сэрбія), Давіт Габунія (Грузія), Анастасія Касадзій і Кацярына Пянькова (абедзьве з Украіны).

«Калі тэмы, што хвалююць украінскіх драматургаў, мне больш-менш вядомыя і блізкія, то погляд на падзеі з балканскай або малдаўскай пэрспэктывы быў чымсьці новым, зь цікавасьцю я даведалася пра тое, зь якімі праблемамі сутыкаецца сучаснае грузінскае грамадзтва», — апавядае Юлія Цімафеева, паэтка і перакладчыца.

Юлія дадае, што беларусы занадта засяроджваюцца на ўласных трагічных падзеях, не аглядаючыся па баках.

«Ці, прынамсі, так было да 2020 году. Эміграцыя сотняў тысяч беларусаў спрычынілася да большай зацікаўленасьці як у мове суседніх краін, гэтак і ў іх палітычным, грамадзка-культурным жыцьці».

Юлія Цімафеева. Архіўнае фота

«Пісаць для тэатру — гэта пісаць для рухомага цела»

Паэтка кажа, што падчас праекту з захапленьнем назірала, як зь цягам часу зьмяняюцца і разьвіваюцца тэксты яе калегаў. Юлія дадае, што пісаць паэзію і прозу — нашмат больш самотны занятак, чым працаваць над драматургічным тэкстам.

«Падчас адной з нашых сустрэч мяне ўразілі словы Сашы Марыяны Зальцман, што „пісаць для тэатру — гэта пісаць для рухомага цела“. Ты заўжды мусіш памятаць пра целы актораў і пра рэжысэра ці рэжысэрку, якія, магчыма, прачытаюць тэкст зусім ня так, як ты хочаш, або сцэнографа, які таксама пабачыць яго на сцэне па-свойму... У гэтым пляне над вершам я маю нашмат больш кантролю».

Калегі Юліі чулі пра тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020-м, але ня ведалі пра маштабы рэпрэсій, якія прыйшлі пасьля і адбываюцца ў краіне цяпер, кажа паэтка.

«Беларусь рэдка трапляе ў загалоўкі вядучых заходніх СМІ, але калі такое здараецца, то хутчэй у кантэксьце вайны ва Ўкраіне, чым масавага перасьледу іншадумства. А таму мае аповеды пра сучасную Беларусь сталі для іх адкрыцьцём. Хоць, вядома, украінскія ўдзельніцы ведалі пра нас больш за астатніх».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для беларусаў, якія застаюцца ў краіне». Што ўдзельнікі кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі гавораць пра яе будучыню

«Экстрэмісты»

«Калі мы з Альгердам (Альгерд Бахарэвіч — муж Юліі Цімафеевай. — РС) зьехалі за мяжу, у аўстрыйскі Грац, рэпрэсіўная машына беларускай дзяржавы набірала абароты. З кожным днём усё больш людзей трапляла за краты з палітычных прычын. Сярод іх ставала тых, каго я ведала асабіста, з кім калі-нікалі перасякалася ў нашым менскім жыцьці. Як і многія, я пачала пісаць лісты ў турму знаёмым і незнаёмым. Вядома, ня ўсе лісты даходзілі, але часам я атрымлівала адказы, нават у Грац».

Паэтка прыгадвае, як у жніўні 2021 году разам з музыкамі гурту «Irdorath» затрымалі яе родных: малодшага брата Пятра і яго жонку Юлію.

«Гэта было вельмі балюча для мяне, але для іх такі досьвед стаў ня проста балючым, ён перакуліў іх жыцьцё. Калі яны трапілі ў СІЗА, мы пачалі ліставацца, праўда, сувязь пастаянна перарывалася. Адседзеўшы свой паўтарагадовы тэрмін, увосень 2022-га Пятро і Юля Марчанкі выйшлі на волю і зьехалі зь Беларусі».

Юлія дадае, што нядоўга шукала тэму для свайго тэксту ў праекце, а адразу вырашыла пісаць пра беларускіх палітвязьняў і іх сем’і — пра тое, што добра ведае сама і пра што хоча расказаць бэрлінскай публіцы.

«Мая п’еса натхнёная гісторыяй Пятра і Юлі і заснаваная на іх асабістых сьведчаньнях пра зьняволеньне, а таксама на сьведчаньнях іншых людзей, якія траплялі за краты. І ўсё ж, нягледзячы на сваю дакумэнтальнасьць, гэта мастацкі тэкст, дзе ёсьць месца выдумцы, паэзіі і іроніі. Мне не хацелася паказваць адкрыты гвалт, не хацелася „біць палкай па галаве“. Падаецца, такіх твораў у нас хапае».

Юлія Цімафеева. Архіўнае фота

«Хачу спадзявацца, што голас мяне не пакіне»

У межах праекту 27 і 28 кастрычніка, 3 і 4 лістапада адбудуцца сцэнічныя чытаньні тых п’ес, якія творцы зрабілі цягам гэтага году, у Studio R Тэатру Максіма Горкага ў Бэрліне (Maxim Gorki Theater).

«Чытаньне — гэта ўсё ж не паўнавартасны спэктакль, часам для яго ажыцьцяўленьня бярэцца толькі ўрывак. Мая п’еса таксама ня будзе паказаная цалкам, але скарачэньні будуць мінімальныя, прынамсі я спадзяюся. „Экстрэмістаў“ пакажуць у кастрычніку разам з п’есамі Кацярыны Пяньковай „Барбажиньці цибулевої масті“, прысьвечанай лёсу ўкраінскіх уцекачоў у Польшчы, і Тані Шлівар „Нацыянальны тэатар“».

У лістападзе прэзэнтуюць п’есы Іваны Сайко, Тані Граўр, Анастасіі Касадзій і Давіта Габунія. Чытаньні пройдуць па-нямецку з ангельскімі субтытрамі. Пераклад п’есы Юліі Цімафеевай зрабіла Ціна Вюншман.

«Але, безумоўна, мне хацелася б, каб п’есу аднойчы паставілі ў арыгінальнай вэрсіі, па-беларуску».

Чаму важна працягваць трымаць беларускі парадак дня ў сьвеце, нягледзячы на тое, што цяпер адбываецца ўсё больш войнаў у розных краінах?

«Мне ні з кім не хацелася б мерацца няшчасьцямі. Але Беларусь — гэта мая родная краіна, і мне баліць за яе больш за ўсё. За той гвалт, што адбываецца штодня, за атмасфэру страху, за адсутнасьць свабоды слова і думкі, свабоды творчасьці і адукацыі, за тое, што краіну зрабілі саўдзельніцай у брыдкай вайне».

Юлія кажа, што Беларусь адкінутая ў сваім разьвіцьці на некалькі дзесяцігодзьдзяў назад, бо праз пагрозу перасьледу за мяжу зьехала агромністая колькасьць разумных і актыўных людзей, зачыненыя амаль усе недзяржаўныя арганізацыі, якія працавалі на карысьць беларускага грамадзтва.

«Аднак без дэмакратыі і міру ў Беларусі ня будзе спакою ва ўсёй Эўропе. А таму, дзе магу, я выкарыстоўваю свой голас, каб гаварыць пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Былі б толькі вушы, каб пачуць. Але ці дастаткова толькі нашага голасу, каб штосьці зьмяніць? Гэта таксама адна з тэмаў маёй п’есы».

Па словах Цімафеевай, сіл у яе ня так і шмат, каб працягваць пісаць і гаварыць пра Беларусь.

«Ужо амаль чацьверты год мы з Альгердам жывём, пераяжджаючы з краіны ў краіну, выступаючы перад рознымі аўдыторыямі. Але, на жаль, маўчаньне ўсё часьцей захрасае ў горле. І ўсё ж я хачу спадзявацца, што голас мяне не пакіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць 4 варыянты: змагацца, уцякаць, маўчаць, служыць рэжыму». Бахарэвіч тлумачыць, чаму не наважыўся б пісаць пра сьмерць палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юля Цімафеева па вяртаньні з Аўстраліі: «Даводзіцца прывыкаць пакаваць сваё жыцьцё ў чамаданы»