Жыхара Менску затрымалі ў канцы верасьня і асудзілі па артыкуле 24.23 КаАП аб незаконных масавых мерапрыемствах за «пратэставыя» надпісы на грашовых купюрах. Іх знайшлі ў аддзяленьні «Беларусбанку» на вуліцы Веры Харужай, дзе ён часта папаўняў рахунак. Справу разглядаў суд Савецкага раёну Менску.
Купюры з надпісамі ў банку знаходзілі некалькі разоў пры адабраньні грошай з інфакіёску ў розныя даты. Гэта былі банкноты наміналам 5, 10, 20 і 50 рублёў з малюнкамі бел-чырвона-белага сьцяга і «3%».
Імаверна, пасьля першых некалькіх выпадкаў ці то супрацоўнікі банку, ці то міліцыянты вылічылі па відэазапісах мужчыну, які часта папаўняў рахунак гатоўкай у гэтым інфакіёску, і наступным разам яго ўжо чакалі, адзначае выданьне «Зеркало». Так можна меркаваць па тым, што ў матэрыялах справы ёсьць ня толькі запісы відэакамэр, але і фатаздымкі таго, як кліент уносіць грошы ў інфакіёск.
Да таго ж менчуку не паставілі адзінае правапарушэньне за «пікетаваньне» грашыма, а падзялілі яго на два эпізоды. Згодна зь першым пратаколам, ён наносіў надпісы на купюры ў неўстаноўлены час і ў неўстаноўленым месцы, і супрацоўнікі банку выявілі гэта пасьля ў нейкую дату. У пратаколе ж за другі эпізод ужо пазначаны канкрэтны дзень і гадзіна нанясеньня надпісаў, якія супрацоўнікі банку знайшлі каля 13.00 — імаверна, таго ж дня. Пасьля чаго мужчыну і затрымалі.
«Устаноўлена, што В. з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства — пікетаваньне — без дазволу Менгарвыканкаму шляхам нанясеньня на грашовых купюрах [...] знака „3%“ і бел-чырвона-белага сьцяга для дэманстрацыі грамадзянам. Графічнае выкананьне малюнкаў на купюрах, зьмяшчэньне купюр у інфакіёск з мэтай наступнага ўдзелу гэтых грашовых знакаў у грамадзянскім абароце, даступнасьць іх для прагляду неабмежаванаму колу асоб сьведчаць пра намер В. на выказваньне сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў для прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да іх, што адпавядае прыкметам пікетаваньня», — прыйшоў да высновы суд.
Ніякіх доказаў, што менавіта затрыманы пісаў на грошах, у справе не пазначана, экспэртызы не праводзіліся. Аднак мянчук, які на той момант ужо знаходзіўся ў ізалятары, сказаў судзьдзі, што прызнае віну і сам рабіў надпісы шарыкавай асадкай, а ідэю падгледзеў у адным з тэлеграм-каналаў.
У выніку яму прызначылі 15 сутак арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 кастрычніка: 1,5 года «хіміі» за сарваны дзяржаўны сьцяг, затрыманьні ў Ваўкавыску, Наваградку і Шчучыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 кастрычніка: на Гомельшчыне затрымалі 9 чалавек за «экстрэмісцкія» падпіскі