Лідэры краін Эўразьвязу на саміце ў Брусэлі абмяркуюць вайну ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе

Саміт лідэраў краін Эўразьвязу адбудуцца ў Брусэлі (Бэльгія) 26-27 кастрычніка. Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ адным пунктам парадку дня саміту лідэраў ЭЗ стане перагляд доўгатэрміновага бюджэту да канца году, каб забясьпечыць працяг фінансавай дапамогі Ўкраіне.

У Брусэлі пачынаецца двухдзённы саміт лідэраў краін Эўрапейскага зьвязу, на якім плянуюць абмеркаваць сытуацыю на Блізкім Ўсходзе пасьля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль, вайсковую дапамогу Ўкраіне і перагледзець доўгатэрміновы бюджэт арганізацыі для забесьпячэньня падтрымкі Ўкраіны.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Эўразьвязу, лідэры краін Эўразьвязу абмяркуюць падтрымку Кіева ў барацьбе супраць расейскай агрэсіі і пацьвердзяць намер працягваць аказваць «моцную фінансавую, эканамічную, гуманітарную, вайсковую і дыпляматычную падтрымку Ўкраіне і яе народу столькі, колькі спатрэбіцца».

У праекце дакумэнта, які падрыхтаваны для ўхваленьня, прадугледжваецца таксама замацаваць намеры аб узмацненьні санкцый супраць Расеі і заклік да Эўракамісіі паскорыць працу над мэханізмамі перадачы Ўкраіне замарожаных актываў Расеі.

Яшчэ адным пунктам парадку саміту лідэраў ЭЗ стане перагляд доўгатэрміновага бюджэту да канца году, каб забясьпечыць далейшую фінансавую дапамогу Ўкраіне.

Кіеў заявіў, што яму патрэбна міжнародная падтрымка для пакрыцьця дэфіцыту бюджэту ваеннага часу, а кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль заявіў, што налета Кіеву спатрэбіцца каля 42 мільярдаў эўра.

Аднак папаўненьне бюджэту патрабуе падтрымкі з боку ўсіх дзяржаў ЭЗ, якія павінны будуць рабіць дадатковыя ўнёскі са сваіх нацыянальных бюджэтаў. Вугоршчына, дзе ўрад Віктара Орбана працягвае культываваць больш цесныя сувязі з Расеяй, у адрозьненьне ад іншых краінаў Эўразьвязу, разглядаецца як патэнцыйны праціўнік павелічэньня дапамогі Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына зноў заблякавала эўрапейскі пакет дапамогі Ўкраіне

Славаччына толькі што выбрала лідэра-папуліста — былога прэм’ер-міністра Робэрта Фіца, які ў часе выбарчай кампаніі абяцаў спыніць вайсковую дапамогу Ўкраіне, а таксама крытыкаваў санкцыі супраць Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына прыпыняе вайсковую дапамогу Ўкраіне

Украіна падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ, але рашэньне аб пачатку афіцыйных перамоваў можа быць ухвалена толькі на наступным саміце ў сьнежні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Эўракамісія парэкамэндуе даць статус кандыдатаў у ЭЗ Украіне і Малдове пры шэрагу ўмоў