Лукашэнка расказаў Сіярта, што застаецца «прыхільнікам захаваньня Эўразьвязу», а Лаўроў – аб магчымасьці дыялёгу з ЭЗ

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь міністрам замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэрам Сіярта.


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зьяўляецца заўзятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу.

«Чамусьці ў Эўразьвязе лічаць, што мы, Беларусь, зьяўляемся праціўнікамі Эўрапейскага Зьвязу. Ведаеце, мы людзі не злапомныя і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасьць у ЭЗ і санкцыі, якія Эўразьвяз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што прэзыдэнт Беларусі зьяўляецца заўзятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку зь ягонай сустрэчы зь міністрам замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэрам Сіярта.

У той жа час Лукашэнка дадаў:

«Не таму, што я вельмі люблю Эўрапейскі зьвяз, а таму што ЭЗ разам з ЗША, Кітаем, Расеяй, у нейкай ступені Індыяй, зьяўляюцца моцнымі апорамі існаваньня нашай плянэты. Калі гэтую апору вырваць з-пад гэтай сыстэмы, будзе вельмі дрэнна для ўсіх».

Вугоршчына адзіная з Эўразьвязу не падтрымала дакладу АБСЭ аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.

Таксама Вугоршчына дамагаецца, каб з будучага пакету санкцый Эўразьвязу прыбралі трох чалавек, у тым ліку кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугорскі міністар лічыць, што глябальная бясьпека мае найгоршую з часоў халоднай вайны форму. Беларускі міністар яго падтрымаў

Адносіны Вугоршчыны з Эўразьвязам дасягнулі найбольшай напружанасьці ў 2015 годзе ў пытаньні аб міграцыі, калі прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан пабудаваў памежную агароджу і выступіў супраць прыёму ўцекачоў. Прыкладна ў той жа час агенцтва ЭЗ у барацьбе з махлярствам OLAF падняло трывогу з нагоды нямэтавага выкарыстаньня грошай, якія выдзяляюцца Вугоршчыне з агульнага бюджэту. Вугоршчына таксама выступае супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Пасьля Сіярту Лукашэнка абмеркаваў Эўразьвяз з Лаўровым

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што «Расея і Беларусь адкрытыя для супрацы і ні для каго не зачыняюць дзьверы», у тым ліку для Эўрапейскага Зьвязу.

«Калі яны (эўрапейцы) адумаюцца і зразумеюць, што яны самі сябе пазбаўляюць узаемавыгадных эканамічных пэрспэктыў, і вярнуцца, напэўна, тады мы з вамі і з усімі тымі, хто будзе цяпер супрацоўнічаць у нашых інтэграцыйных структурах, будзем глядзець, зь якімі ідэямі яны прыйдуць», – працытавала БЕЛТА Сяргея Лаўрова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына зноў заблякавала эўрапейскі пакет дапамогі Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль адрэагаваў на заяву Орбана, які параўнаў сяброўства ў Эўразьвязе з савецкай акупацыяй Вугоршчыны