Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што ўсталяваньне на мяжы зь Беларусьсю мінна-выбуховых загарод будзе працягвацца.
«Мы працуем над нарошчваньнем мінна-выбуховых загарод на ўсёй працягласьці дзяржаўнай мяжы ў Паўночнай апэрацыйнай зоне. Для нас няма розьніцы, ці гэта мяжа з Рэспублікай Беларусь, ці з Расейскай Фэдэрацыяй — гэта нашыя ворагі. Таму мяжу мінуем шчыльна, паўсюль, дзе ёсьць пагроза нападу праціўніка», — заявіў Сяргей Наеў.
Паводле яго, галоўная мэта для Ўкраіны — зрабіць мяжу непраходнай «для варожых сіл». «Нашы сапэры гэтым займаюцца кругласутачна», — падкрэсьліў ён.
Раней Сяргей Наеў у сваіх заявах згадваў пра Беларусь як хаўрусьніцу Расеі і абагульняў словам «праціўнікі».
20 кастрычніка Сяргей Наеў заявіў, што шчыльнасьць усталяваных мін на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў і паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на паўночных межах з Расеяй і Беларусьсю ўсталявала больш за паўмільёна супрацьтанкавых мін