«„Круглы стол“ фактычна згарнуў дзейнасьць». Юры Васкрасенскі расказаў, куды ён зьнік і чым займаецца цяпер

Юры Васкрасенскі ў расейскім Кіславодзку, кастрычнік 2023

Тэлеграм-каналы Васкрасенскага і «Круглага стала дэмакратычных сілаў» не аднаўляюцца месяцамі. Даведаліся, чаму.

Ад 13 чэрвеня не абнаўляецца тэлеграм-канал кіраўніка «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юрыя Васкрасенскага. Тэлеграм-канал самога КСДС не аднаўляецца яшчэ даўжэй — ад траўня 2022 году. Няма ніякай актыўнасьці і на сайце КСДС.

Сам Юры Васкрасенскі стаў радзей зьяўляцца ў дзяржаўных СМІ. На сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА апошняя згадка пра яго датаваная 29 траўня 2023 году. Партал газэты «Беларусь сегодня» згадваў Васкрасенскага 4 верасьня, цытуючы ягоны выступ на СТВ. Раней Васкрасенскі нашмат часьцей фігураваў у СМІ.

Свабода вырашыла спытаць у дзеяча, з чым зьвязана ягоная адсутнасьць.

Кіраўнік КСДС сказаў, што не дае камэнтару Свабодзе «ў сувязі з прызнаньнем экстрэмісцкім рэсурсам», але пагадзіўся патлумачыць асабіста журналісту як грамадзяніну Беларусі.

«Вядзеньне каналу патрабуе часу і рэсурсу, таму я засяродзіўся на палітычнай асьвеце беларусаў празь дзяржаўныя СМІ, давер да якіх апошнім часам моцна вырас. Ежджу з выступамі па калектывах, напрыклад выступаў у Крупках нядаўна», — сказаў Васкрасенскі.

Ён кажа, што сапраўды стаў прысутнічаць у дзяржаўных СМІ ня так часта, як раней, але па-ранейшаму дастаткова рэгулярна.

«Як мінімум раз на тыдзень выступаю ў жывых эфірах на радыё. Часта выступаю і ў расейскіх СМІ: РБК, „Россия 24“, „Соловьев Live“. Палітычную дзейнасьць замяніў асьветніцкай», — кажа Васкрасенскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі блогер BalaganOff пра Ціханоўскую, Пазьняка і покер, а таксама гарантыі Васкрасенскага. Вялікая гутарка са Свабодай

Мы пацікавіліся, ці працягвае сваю працу яшчэ так званы «Круглы стол дэмакратычных сілаў», бо апошнім часам не было чуваць аб мерапрыемствах пад яго эгідай.

«КСДС сваю дзейнасьць фактычна згарнуў у сувязі з выкананьнем усіх пастаўленых задач за апошнія тры гады. Юрыдычна КСДС дзейнічае, але пакуль ідзе вайна з усіх бакоў, то час круглых сталоў яшчэ не прыйшоў», — перакананы Васкрасенскі.

Таксама кіраўнік КСДС дадаў, што ў гэты момант ён знаходзіцца на адпачынку ў расейскім Кіславодзку.

Юры Васкрасенскі ў мінулым прайшоў праз абедзьве камуністычныя партыі Беларусі: ПКБ (апазыцыйную) і КПБ (праўладную). Быў дэпутатам Менгарсавету. Удзельнічаў у інаўгурацыі Лукашэнкі ў 2010 годзе.

У 2020 годзе стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 12 жніўня быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Удзельнічаў у сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА. 11 кастрычніка 2020 году выйшаў на волю. Пачаў актыўна супрацоўнічаць з уладамі. Ён змог зарэгістраваць «Круглы стол дэмакратычных сілаў» па адрасе, дзе знаходзіўся офіс Віктара Бабарыкі.

Васкрасенскі складаў сьпісы палітзьняволеных на памілаваньне, але амаль ніхто з тых сьпісаў не апынуўся на волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2021-2022 гады ў Беларусі разгледзелі 645 хадайніцтваў аб памілаваньні вязьняў. Колькі зь іх памілаваў Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі заявіў, што «калі б Дуда прыехаў у Беларусь, не было б міграцыйнага крызісу», і расказаў, калі могуць вызваліць палітвязьняў