Страляніна ў амэрыканскім штаце Мэн: прэса паведамляе пра сама меней 22 ахвяры

Здымак стралка, скрыншот

Каля 60 чалавек параненыя ў выніку стральбы ў горадзе Люістан. Паліцыя шукае падазраванага.

Ахвярамі страляніны ў Люістане ў штаце Мэн сталі сама меней 22 чалавекі, паведамляе Reuters са спасылкай на NBC News. Ад 50 да 60 чалавек пацярпелі. Увечары паліцыя штату паведаміла аб здарэньні, заклікаўшы жыхароў не выходзіць з дому і не выяжджаць на дарогі, каб даць праехаць службам хуткай дапамогі.

Паліцэйскае ўпраўленьне Люістану паведаміла імя падазраванага — гэта 40-гадовы Рабэрта Карда. Раней паліцыя апублікавала тры фатаграфіі падазраванага, які, праўдападобна, адкрыў страляніну з паўаўтаматычнай вінтоўкі.

Інфармацыйна-аналітычны цэнтар штату Мэн паведаміў, што Кард знаходзіўся ў псыхіятрычнай лякарні на працягу двух тыдняў летам 2023 году, але пасьля яго вызвалілі.

Офіс шэрыфу акругі Андраскогін таксама апублікаваў фатаграфіі падазраванага, барадатага мужчыны ў карычневай куртцы з капюшонам і ў джынсах, які трымае вінтоўку ў руках.

Газэта The Sun Journal са спасылкай на прадстаўніка паліцыі Люістану паведаміла аб страляніне ў трох розных установах: боўлінгу Sparetime Recreation, рэстаране Schemengees Bar & Grille і разьмеркавальным цэнтры Walmart. Боўлінг знаходзіцца прыкладна за 6,5 км на поўнач ад бару, а разьмеркавальны цэнтар — прыкладна за 2,5 км на поўдзень ад яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў Бруселі: забілі 2 швэдаў з ізраільскім сьцягам

Люістан месьціцца за 56 км на поўнач ад найбуйнейшага гораду штату Мэн Портлэнду.

Калі колькасьць загінулых у 22 чалавекі пацьвердзіцца, гэтая страляніна стане самай сьмяротнай у Злучаных Штатах прынамсі са жніўня 2019 году, калі ўзброены чалавек адкрыў агонь па пакупніках у Walmart у Эль-Паса з аўтамата АК-47, забіўшы 23 чалавекі ў перастрэлцы, якую пракуратура назвала злачынствам на глебе нянавісьці да лацінаамэрыканцаў.

Самай сьмяротнай масавай стралянінай у ЗША за ўсю гісторыю назіраньняў стала забойства 58 чалавек, учыненае ўзброеным чалавекам на фэстывалі кантры-музыкі ў Ляс-Вэгасе з вышыннага гатэлю ў 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавая страляніна ў Тэхасе. Нападнік застрэліў 8 чалавек