Профільная камісія ў пытаньнях народнай гаспадаркі Саэймы Латвіі прыняла рашэньне выключыць з законапраекту забарону аўтамабілям зь беларускімі нумарамі заставацца ў краіне безь перарэгістрацыі звыш вызначанага часавага ліміту, паведаміў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
«Падчас нашай нядаўняй сустрэчы ў Саэйме Латвіі мы знайшлі патрэбныя словы і аргумэнты, якія пераканалі дэпутатаў выключыць згадку грамадзян Беларусі з праекту закону аб дарожным руху», — адзначыў Анатоль Лябедзька.
Ягоныя словы пацьвярджаюць і латыскія СМІ: камісія, адказная за распрацоўку законапраекту, пагадзілася не пашыраць зьмены ў закон на аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, піша Delfi.lv.
Раней Міністэрства юстыцыі Латвіі распрацавала законапраект, які забараняе транспартным сродкам зь беларускімі і расейскімі нумарамі, што раней уехалі ў краіну, заставацца ў ёй безь перарэгістрацыі. Калі адпаведны закон прымуць, на працягу трох месяцаў пасьля таго, як ён набудзе моц, транспарт неабходна або перарэгістраваць, або вывезьці за межы Латвіі. У адваротным выпадку яго могуць канфіскаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі ўнесьлі законапраект аб забароне аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі- Днямі прадстаўнікі Офісу дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай сустрэліся з латвійскімі дэпутатамі і прапанавалі карэктаваньні, якія могуць дапоўніць закон.
- З 12 верасьня асобам з зарэгістраванымі ў Расеі транспартнымі сродкамі забаронены ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-расейскую і латвійска-беларускую мяжу. Такую ж забарону ўвяла Літва. Выключэньне — аўтамабілі, якія ідуць транзытам у Калінінградзкую вобласьць.