«Агульнае ўражаньне, што Паліна пачуваецца крыху лепш, чым раней, але ёсьць і назіраньні, якія непакояць. Сказаў чалавек, які з Палінай сустрэўся, што целам яна схуднелая, а вось твар чамусьці апухлы, бляклы. А сама Паліна больш непакоіцца пра тое, што з ёю будзе ў калёніі ў Зарэччы, калі апэляцыя не дапаможа. Кажа пра вельмі дрэнныя ўмовы ў калёніі, ня хоча туды зноў трапляць», — расказаў Андрэй Шарэнда.
9 красавіка над Палінай Шарэндай-Панасюк адбыўся чарговы суд, які прысудзіў ёй яшчэ адзін год зьняволеньня паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. Такое пакараньне ў жніўні палітзьняволеная ўжо адбыла, пакуль знаходзілася ў калёніі № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну, але адтуль на волю яна так і ня выйшла. На апошнім працэсе ў Рэчыцкім раённым судзе Паліна Шарэнда-Панасюк не прызнала віны і потым абскардзіла вырак. На час разгляду апэляцыйнай скаргі жанчыну зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар.
«Умовы там дрэнныя. Плюс зрабілі гэтак, каб сваякі не маглі перадаць ёй лекаў, і не прымаюць для яе перадач. Дзеля гэтага паўтарылі трук зь мехам яблык, які быў месяц таму. Зноў прынесьлі ў камэру мех яблык вагой 30 кіляграмаў, нібыта нехта ёй перадаў, а цяпер не прымаюць прадуктовых перадач ад сваякоў на той фармальнай падставе, што закончыўся месячны вагавы ліміт. Зьдзекі працягваюцца», — зазначыў Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакараў палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк яшчэ на 1 год калёнііПаводле мужа палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, чакаць разгляду апэляцыі ёй давядзецца каля двух месяцаў.
За кратамі Шарэнда-Панасюк са студзеня 2021 году. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.