За перадачу ў чат-бот тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі» асабістых зьвестак людзей, якія, на думку ініцыятывы, спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў, гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і рэпрэсій у Беларусі, сілавікі затрымалі дзясяткі людзей. Датычных вылічылі, бо амаль з самага пачатку ў ініцыятыву ўкараніўся супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко (ён адпрацаваў у «ЧКБ» 10 месяцаў).
Паводле праваабаронцаў «Вясны» за такія «зьлівы» на вялікія тэрміны асудзілі мінімум 32 чалавекі. Сярод іх — супрацоўнікі банку, былыя пракуроры, міліцыянты і сьледчыя, чыноўнікі, адвакатка, былы падпалкоўнік юстыцыі, судмэдэкспэрт, музыка і мастак. Некаторыя з арыштаваных пры затрыманьні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа прайшлі празь біцьцё і катаваньні.
За адміністраваньне ЧКБ яшчэ пяць чалавек асудзілі завочна. На 6 гадоў калёніі асудзілі, а пазьней памілавалі рэдактарку праекту Соф’ю Сапегу. Затрыманьні працягваюцца і дагэтуль — фігуранты ў сьледчых ізалятарах чакаюць судоў. Адметнасьцю затрыманьняў у гэтай справе зьяўляецца тое, што часам яны суправаджаюцца пабіцьцём і катаваньнямі. «Вясна» расказвае пра перасьлед у «справе ЧКБ» і пра асуджаных за «зьлівы» палітвязьняў.
Паводле якіх артыкулаў судзяць фігурантаў ЧКБ?
Дзеяньні затрыманых у «зьліве дадзеных» у чат-бот «ЧКБ» кваліфікуюць паводле:
- арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»),
- арт. 203-1 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак»),
- арт. 352 («Неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй»),
- арт. 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу.
Арт. 203-1 КК унесьлі ў кодэкс толькі пасьля падзей жніўня 2020 году (зьмены набылі моц 19 чэрвеня 2021 году). Да зьменаў затрыманых у «справе ЧКБ» судзілі ў тым ліку паводле арт. 179 КК («Незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былую супрацоўніцу пракуратуры Натальлю Лашч асудзілі на 6 гадоў турмы ў «справе ЧКБ» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарадзілася ва Ўладзівастоку, вучылася ў ЭГУ, супрацоўнічала з «ЧКБ». Расказваем пра Соф’ю Сапегу, якую памілаваў Лукашэнка