«Банк зможа даслаць СМС на нумар, які ўжо не працуе». Што мяняюць новыя правілы аб інфармаваньні грамадзян

Палата прадстаўнікоў.

Адразу два новыя законапраекты істотна спрашчаюць адносіны паміж арганізацыямі і ўстановамі, а таксама выклік грамадзян ці іх паведамленьне. Гэта закране як юрыдычных асобаў, так і прызыўнікоў. Расказваем пра новыя правілы.

Зьмены ў грамадзянскае права

Законапраект «Аб зьмене кодэксаў» Палата прадстаўнікоў прыняла ўжо ў двух чытаньнях. Аднак моцы ён пакуль не набыў, дакумэнт мусіць падпісаць Лукашэнка. У гэтым законе ўводзіцца панятак «юрыдычна значнае паведамленьне». Гэта любыя заявы, апавяшчэньні, уведамленьні, патрабаваньні і іншыя паведамленьні, якія цягнуць за сабой узьнікненьне, зьмяненьне або спыненьне грамадзянскіх правоў і абавязкаў.

На практыцы гэта значыць, што два суб’екты гаспадараньня могуць паведамляць пра значныя рашэньні ня толькі пісьмова і пад росьпіс, а і іншым чынам.

Напрыклад, чалавек зьяўляецца акцыянэрам нейкага прадпрыемства і пра зьмены яму паведамляюць па электроннай пошце, а не адмысловым лістом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коля Лукашэнка і Галоўчанка ня пойдуць ваяваць». Меркаваньні экспэртаў пра новы вайсковы закон

«Гэта зьмены ў Грамадзянскі кодэкс і грамадзянска-прававыя адносіны. У асноўным яны будуць тычыцца юрыдычных асобаў. Напрыклад, заключаны нейкі кантракт і трэба зьвярнуцца ў суд ці накіраваць прэтэнзію. І адна юрыдычная асоба накіроўвае іншай або накіроўвае фізычнай асобе. І ўжо не атрымаецца зрабіць выгляд, што паведамленьня не атрымаў, напрыклад, акцыянэр. Гэта ня значыць, што пазьней такія ж падыходы ня зьявяцца ў Адміністрацыйна-працэсуальным кодэксе ці ў Крымінальным», — кажа экспэрт арганізацыі Human Constanta.

Ці могуць такія зьмены прымяняцца ў рэпрэсіўнай практыцы, пакуль незразумела. Бо тут дзяржава вырашае праблему нядобрасумленных удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін, дадае суразмоўца.

«Было шмат магчымасьцяў пазьбегнуць юрыдычнай адказнасьці, каб не атрымліваць паведамленьні ці рабіць выгляд, што іх не атрымалі. Дзяржава ж таксама можа быць удзельнікам грамадзянска-прававых адносін, таму няясна, як гэта адаб’ецца на юрыдычных і фізычных асобах на практыцы. Напрыклад, банк можа паведаміць свайму кліенту пра нейкія зьмены праз тэлефон, які ўжо не працуе, ці ў мэсэнджары, якім чалавек ужо не карыстаецца. То бок буйная юрыдычная асоба, кшталту банку, можа не скарыстаць усе магчымасьці данесьці важную інфармацыю да кліента, а скарыстаць нейкую адну магчымаьць», — кажа экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава спрашчае сабе жыцьцё». У Беларусі хочуць зьмяніць правілы прызыву: большыя штрафы, позвы праз СМС

Зьмены для прызыўнікоў

Законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі» апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён прадугледжвае папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Калі новаўвядзеньні прымуць, то выклікаць у вайсковы камісарыят будуць праз SMS на тэлефон. І нават адключаны тэлефон не ўратуе. У законапраекце прапісана, што калі SMS адпраўленая, значыць, прызыўніка выклікалі.

103-я Віцебская паветрана-дэсантная брыгада, 2022 год

Апэратары электрасувязі будуць абавязаныя праводзіць SMS-рассылкі па сьпісах ад камісарыятаў і КДБ. Таксама на запыт камісарыятаў або КДБ у тыднёвы тэрмін яны будуць падаваць зьвесткі аб нумарах грамадзян, якія стаяць на вайсковым уліку ці абавязаныя на ім быць.

Грамадзяне, паводле закону, павінны будуць паведамляць у камісарыят пра зьмену асабістага нумару тэлефона.

Калі раней позву ў камісарыят маглі ўручыць толькі дома і толькі пад расьпіску, то ў выпадку прыняцьця законапраекту рабіць гэта змогуць у любым месцы. Хоць на працы, хоць у кавярні ці на вуліцы. Для гэтага там прапісаны тэрмін «па месцы знаходжаньня».

«Калі ў чалавека няма тэлефона ці быў тэлефон з мэсэнджарам, а нумар зьмяніўся і, адпаведна, гэтым мэсэнджарам ён ужо не карыстаецца? Паведамленьні могуць, тэарэтычна, прыходзіць ня тым людзям. А наступствы гэтага — адміністрацыйная ці нават крымінальная адказнасьць. Дзяржава павінна тут прыкласьці намаганьні, каб забясьпечыць дакладнасьць дастаўкі такіх паведамленьняў. Напрыклад, у Расеі гэта зроблена праз асабістыя кабінэты на сайце дзяржпаслуг. Такі падыход больш адпавядае ў сфэры электроннага ўраду. У Беларусі таксама быццам бы ёсьць сайт дзяржпаслуг і сыстэма электроннай ідэнтыфікацыі. Мы бачым, што адказнасьць за правальную лічбавізацыю перакладаецца на чалавека, каб ён сам паведамляў пра нумары тэлефонаў, своечасова іх уключаў», — кажа экспэрт Human Constanta.

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятланы Галаўнёвай, дзяржава проста адыходзіць ад панятку «позва».

«Дзяржава адыходзіць ад панятку „позва“ і ўводзіць шэраг тэрмінаў „апавяшчэньне“, якія маюць юрыдычную сілу. Цяпер, калі проста тэлефануюць з прызыўной камісіі і ўсё, што скажуць, не абавязковае для выкананьня, гэта юрыдычна пакуль не зацьверджана. Калі зьмены прымуць, то непрачытаная SMS ужо мае юрыдычную сілу і можа цягнуць за сабой адказнасьць для чалавека. А такое паведамленьне можа дайсьці іншаму чалавеку ці не дайсьці ўвогуле.

Раней у Беларусі апэратары маглі масава рассылаць на нумары абанэнтаў SMS аб штармавым папярэджаньні, выбарах ці аб адказнасьці за ўдзел у апазыцыйных мітынгах. Такія паведамленьні пры гэтым ня мелі і пакуль ня маюць юрыдычнай сілы».