Як літоўцы ставяцца да імігрантаў зь Беларусі? Вынікі дасьледаваньня

Беларусы на сьвяткаваньні Дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы, Вільня, 11 траўня 2023

Большасьць жыхароў Літвы, якія сутыкаліся з мігрантамі з трэціх краінаў, найлепш ацэньваюць уцекачоў з Украіны. Беларусы — толькі на трэцім месцы.

Такія дадзеныя апытаньня, якое агенцтва Sprinter правяла на замову Віленскага офісу Міжнароднай арганізацыі міграцыі (IOM), піша партал «Зеркало» .

Дасьледаваньне было праведзенае ў канцы жніўня — верасьні сёлета, было апытана 1015 грамадзянаў Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі сацапытаньня: у Літве з дыскрымінацыяй сутыкаліся 16% беларускіх эмігрантаў, у Польшчы — 31%, Грузіі — 39% 

Большая частка, ці 77% літоўцаў, у апошні час сутыкаліся з імігрантамі з трэціх краінаў. Абсалютная большасьць пазначыла, што гэта былі ўцекачы з Украіны, — менавіта іх у Літве і ацэньваюць лепш за ўсё.

— У Літве ў нас больш за 50 000 украінцаў, таму натуральна, што зь імі сутыкаемся часьцей за ўсё. Трэба заўважыць, што іх жыхары ацэньваюць лепш за ўсё — на 8 балаў з 10. Гэта значыць, што ўкраінцы лепш ўліліся ў літоўскае грамадзтва, таму літоўцы іх лепш ацэньваюць, — заявіў прадстаўнік IOM Lietuva Эйтвідас Бінгяліс.

Палова (49%) рэспандэнтаў лічаць, што пасьля вайны ў Літве могуць застацца тыя ўкраінцы, якія вывучылі мову і знайшлі працу. 36% не супраць, каб украінцы засталіся, калі яны гэтага жадаюць. Аднак кожны дзесяты хацеў бы, каб украінскія ўцекачы пакінулі Літву пасьля заканчэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як падзяліць спадчыну ВКЛ? І ці варта яе дзяліць? Дыскусія палітолягаў

На другім месцы па добразычлівай ацэнцы — мігранты з краінаў Цэнтральнай Азіі (5,2 бала з 10). Беларусы — на трэцім (5,15 бала). Далей ідуць выхадцы з Блізкага Усходу (4,43 бала) і мігранты, якія трапілі ў Літву праз Беларусь у 2021 годзе (4,13 бала).

Як паказвае дасьледаваньне, чвэрць літоўцаў заяўляюць, што сутыкаліся зь мігрантамі наўпрост, палова — заўважалі іх, але асабіста зь імі не мелі справы.