Першая зарэгістраваная ў сьвеце вакцына ад каранавірусу Sputnik V са зьяўленьнем штаму COVID-19 «кракен» перастала абараняць зусім, ідуць клінічныя выпрабаваньні абноўленай вакцыны. Пра гэта ў інтэрвію выданьню «Газета.ру» заявіў кіраўнік Цэнтру ім. Гамалеі (распрацоўніка Sputnik V) Аляксандар Гінцбург.
Паводле яго, зыходны варыянт Sputnik V абараняў ад COVID-19 на працягу першых двух гадоў, гэта значыць з моманту рэгістрацыі, са жніўня 2020-га, да ліпеня 2022 году. Аднак пачынаючы зь сярэдзіны лета 2022 году, калі зьявіліся варыянты COVID-19 «омікрон» 1, 2 і 3, эфэктыўнасьць вакцыны ўпала ў восем разоў. Калі ж зьявіліся варыянты 4 і 5, эфэктыўнасьць упала ўжо ў 20 разоў.
«А калі зьявіўся XBB.1.5-варыянт „омікрону“ („кракен“), гэта было ў студзені 2023 году, Sputnik V перастаў абараняць проста зусім. Таму трэба было яшчэ летам мінулага году мяняць антыгенны склад вакцыны», — дадаў навуковец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія скончылася, але ў Беларусі ў наступным годзе плянуюць пачаць шырокае прымяненьне айчыннай вакцыны ад COVID-19Паводле яго, вучоныя цэнтру падрыхтавалі новыя варыянты вакцын у лябараторыі, імі правакцынавалі супрацоўнікаў цэнтру. Праводзяцца клінічныя выпрабаваньні Sputnik V на аснове XBB.1.5, яны завершацца 10 сьнежня.
У абарачэньне новая вакцына можа паступіць у сакавіку.
Нагадаем, што праз складаныя адносіны Лукашэнкі з Захадам, у Беларусь не прывозілі заходніх вакцын ад каранавірусу. Sputnik V быў адным зь нешматлікіх варыянтаў, разам з кітайскай вакцынай «Сінафарм», а таксама часткова кубінскай «Сабрана».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ нават завод не дабудавалі». Як у Беларусі тры гады рабілі вакцыну ад каранавірусу і патрацілі на гэта 27 мільёнаў даляраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра новы варыянт каранавірусу, які імкліва распаўсюджваецца па сьвеце