«Я не змагла застацца ўбаку ад нашых жанчын»
20 кастрычніка ў Варшаве ў музэі вольнай Беларусі адкрылася выстава мастачкі Ганны Каран «Сукенкі за свабоду», яна заснаваная на рэальных гісторыях і рэчах беларусак.
Ганна Каран — беларуская мастачка. Скончыла Акадэмію мастацтваў у Менску і Празе, куды пераехала, каб займацца сучасным мастацтвам. На працягу 15 гадоў Ганна пісала карціны.
Мастачка прызнаецца, што ніколі не займалася палітычнымі тэмамі і не зьбіралася гэтага рабіць. Аднак пасьля пачатку рэпрэсій у Беларусі ў 2020-м уся ўвага ў творчасьці пераключылася на гэтыя падзеі.
«Сёньня ўсе, у каго баліць сэрца ад таго, што адбываецца, убаку ня могуць заставацца. І вось я не змагла застацца ўбаку ад нашых жанчын. Гэтыя страшныя падзеі ўва мне адбіліся і выліліся ў такую прыгажосьць. Гэты праект дапамагае захаваць сучасную беларускую гісторыю, якая перапісваецца, скажаецца. А калі яна ўвасобленая ў культуры, то яна застаецца нязьменнай».
«Унутры эпаксыднай смалы, якой я заліваю сукенку, схаваная энэргетыка жанчыны»
У сваім праекце Ганна зьвяртаецца да пэрсанальных гісторый беларускіх жанчын і выкарыстоўвае іх рэчы. «Сукенка» — гэта любая рэч з адзеньня, якая адлюстроўвае гераіню, у якой ёй добра.
«Усе гэтыя сукенкі арыгінальныя, іх сапраўды насілі гераіні. Кожная выбрала сукенку, якая яе адлюстроўвае як жанчыну, яе прыгажосьць, яе характар. І ўнутры эпаксыднай смалы, якой я заліваю сукенку, схаваная энэргетыка жанчыны. Я натхнялася гісторыямі гэтых жанчын, іх харызмай, іх адвагай, іх сэрцам».
З кожнай гераіняй Ганна размаўляла асабіста.
«Гэты праект, на жаль, носіць палітычны характар, але я кажу, што ён пра любоў. Бо ўсё, што робяць жанчыны, заўжды дзеля любові. Ня важна, любові да дзіцяці, брата, сям’і ці да сваёй краіны».
У кожную сукенку Ганна ўкладала асабістую гісторыю гераіні.
«Калі ўсе гэтыя гісторыі разам скласьці, то атрымліваецца партрэт нашай беларускай жанчыны сёньня, якая яна адважная, вольная, свабодалюбівая. Такі голас сучаснай беларускай жанчыны».
«З кожнай сукенкай у мяне ўнутраны дыялёг быў па 3–4 месяцы»
Ганна кажа, што ёй было важна паказаць вельмі розных жанчын у сваім праекце: мэдыкі, спартоўкі, настаўніцы, палітыкі, пэнсіянэркі і хатнія гаспадыні.
«Мне важна паказаць, які беларускі жаночы твар можа быць шматгранны і ў канчатковым выніку аднолькавы. Усе хочуць любові, пэрспэктывы, роўнасьці, правоў, справядлівасьці».
Мастачка дадае, што ёй вельмі лёгка працуецца над «Сукенкамі за свабоду».
«Я вельмі доўга за кожнай гераіняй назірала. Ня тое, што я зь ёю паразмаўляла і пайшла адразу сукенку рабіць. Не, з кожнай сукенкай у мяне ўнутраны дыялёг быў па 3–4 месяцы. Я мусіла зразумець, што я павінна зрабіць з гэтай сукенкай, каб адлюстраваць гераіню. А сам працэс стварэньня сукенкі, калі я ўжо разумела, што хачу зрабіць, быў лёгкі, цікавы, зачаравальны».
«Нашых жанчын павінен убачыць увесь сьвет»
Праект «Сукенкі за свабоду» будзе пашырацца. Мастачка ўжо стварыла 12 сукенак і плянуе працягваць.
«Я спачатку сабе сказала, што гэта будзе 20 сукенак, каб было сымбалічна з 2020 годам. У мяне нават ёсьць ужо гераіні, зь якімі я мару паўзаемадзейнічаць. Калі будзе ўнутраная патрэба зрабіць больш сукенак, я зраблю больш. Я б усіх нашых жанчын захавала, яны ўсе вартыя, у іх у кожнай такія гісторыі! Гэты праект пра ўсіх нас, гэта партрэт беларускай жанчыны, празь які паказваецца гісторыя нашай сучаснасьці».
Таксама Ганна плянуе паказаць выставу ў іншых краінах.
«Нашых беларускіх жанчын павінен убачыць увесь сьвет. У мяне ёсьць на гэты праект вялікія пляны, але пакуль „дзяўчаткі“ павінны пагуляць па краінах, якія недалёка ад нас знаходзяцца».
Выстава ў музэі вольнай Беларусі працягнецца да 11 лістапада. Падрабязнасьці глядзіце тут.