Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што шчыльнасьць усталяваных мін на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў.
«На асноўных кірунках імавернага наступу праціўніка з чэрвеня 2022 году да цяперашняга часу ўсталявалі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін. У прыватнасьці, супрацьтанкавыя мінныя палі, супрацьтанкавыя групы мін, камплекты супрацьпяхотных выбуховых прыладаў, фугасаў, замінаваных завалаў і гэтак далей. Шчыльнасьць мінна-выбуховага агароджваньня павялічылі ў 16 разоў», — паведаміў Сяргей Наеў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Укрінформ.
Апроч таго, паводле яго, мясцовыя ўлады таксама працягваюць ствараць і ўмацоўваць фартыфікацыйныя аб’екты.
«Мы разам ствараем такія ўмовы, каб дзяржаўная мяжа Ўкраіны ў Паўночнай апэрацыйнай зоне была цалкам непраходная для варожых сіл», — падкрэсьліў ён.
Сяргей Наеў паведаміў, што Расея на сваёй тэрыторыі з паўночнага кірунку Ўкраіны сканцэнтравала каля 19 тысяч сваіх вайскоўцаў. У той жа час, паводле яго, украінскі бок пакуль ня бачыць прыкметаў фармаваньня ўдарных груповак войскаў. «Сытуацыю стала маніторым і адсочваем», — падкрэсьліў камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак.
Сяргей Наеў паведаміў, што з кастрычніка 2022 да ліпеня 2023 году на палігонах Беларусі прайшлі навучаньне каля 24 тысяч мабілізаваных расейцаў, а на аэрадромах Беларусі застаюцца толькі тры баявыя самалёты (Су-30СМ) і два самалёты-выведнікі (Су-24МР), якія залучаюць да выкананьня задач Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымала і ўпершыню выкарыстала амэрыканскія дальнабойныя ракеты ATACMSАляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Пэўны час ва Ўкраіне не выключалі новага наступу з тэрыторыі Беларусі, а пасьля адыходу расейскіх войскаў з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцей пачалі ўмацоўваць мяжу зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ацаніў, калі Зяленскі паводзіў сябе «правільна» і «няправільна»