Грамадзянін Беларусі Мацьвей Бяляй, які паўгода адседзеў у сьледчым ізалятары ў Вільні праз абвінавачаньне ў нападзе на беларускую амбасаду ў Літве, на гэтым тыдні выйшаў на волю, а празь некалькі дзён даведаўся, што яго хочуць дэпартаваць.
«Я пайшоў у паліцыю адзначацца і даведаўся, што 14 верасьня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ізалятары, мяне абвясьцілі ў вышук, а 14 лістапада адбудзецца суд аб дэпартацыі», — паведаміў Свабодзе Мацьвей Бяляй.
Ён расказаў Свабодзе сваю гісторыю і падрабязнасьці справы, у якой ён знаходзіўся у сьледчым ізалятары. Рашэньня ў гэтай справе пакуль няма.
У чым абвінавачваюць
У паведамленьні Віленскага гарадзкога акруговага суду ад 28 верасьня адзначаецца, што Мацьвей Бяляй абвінавачваецца паводле ч. 2 артыкулу 187 Крымінальнага кодэксу Літвы (пашкоджаньне чужой маёмасьці агульна небясьпечным спосабам).
«20 красавіка 2023 году ўмоўна ў 00:05 гадзін Мацьвей Бяляй з замахам на пашкоджаньне чужой маёмасьці, знаходзячыся перад будынкам амбасады Беларусі, што па вуліцы Міндоўга, 13, у Вільні праз сьцяну кінуў на абгароджаную тэрыторыю амбасады самаробны зьніч зь нейкай гаручай вадкасьцю (меў з сабой), і загарэлася адкрытае полымя, гэта значыць агульна небясьпечным спосабам пашкодзіў уласнасьць беларускай амбасады», — адзначаецца ў паведамленьні суду.
Другое абвінавачаньне зьвязана са спробай уцячы з-пад арышту, што адпавядае ч. 1 артыкулу 22 і ч. 1 артыкулу 241. У судовым паведамленьні адзначаецца, што спробу ўцёку Мацьвей Бяляй зрабіў у лякарні: ён папрасіўся ў туалет, а выходзячы адтуль, ударыў локцем у жывот канваіра і спрабаваў уцячы. Яго затрымалі.
Паводле першага абвінавачаньня беларусу пагражае арышт або пазбаўленьне волі на 5 гадоў, а паводле другога — арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Мацьвей сьцвярджае, што гэтых злачынстваў не рабіў
«У час, калі, як сьцьвярджае сьледзтва, адбыўся напад на амбасаду, я знаходзіўся дома», — сказаў Мацьвей Бяляй.
У той жа час ён прызнаў, што знаходзіўся ля беларускай амбасады напярэдадні, 19 красавіка, але ніякіх злачынных дзеяньняў не рабіў.
Паводле сьледчых, напад на амбасаду адбыўся 20 красавіка 2023 году ў 00:05. Пра абвінавачаньні ў супраціве двум супрацоўнікам сьледчага ізалятара і спробе ўцячы, Мацьвей адказаў:
«Уявіце такую сытуацыю. Яны мусяць уключаць відэарэгістрацыю, калі здымаюць чалавеку кайданкі. Мяне прывезьлі ў лякарню, там зьнялі з адной рукі кайданкі і выключылі відэарэгістрацыю, а потым, праз два месяцы, я даведаўся, што я ў той момант спрабаваў уцячы», — дадаў ён.
Мацьвей Бяляй сьцьвярджае, што яго ўтрымлівалі ў вельмі жорсткіх умовах. У адказ, як ён пераконвае, вымушаны быў абвясьціць галадоўку.
У той жа час адвакат беларуса Віктарас Фірсавас паведаміў, што ня мае ніякіх дакумэнтаў, якія сьведчылі б аб жорсткім стаўленьні да Мацьвея ў ізалятары.
«У мяне няма зьвестак, якія гэта пацьвярджалі б», — сказаў ён Свабодзе.
Паводле адваката , пасяджэньне Віленскага ўчастковага суду ў справе пра напад на амбасаду прызначана на 24 кастрычніка на 13:30. На ім могуць абвясьціць вырак.
Мацьвей Бяляй разьлічвае на апраўданьне літоўскім судом ў гэтай справе.
Рэакцыя міграцыйнай службы
У Міграцыйным дэпартамэнце Літвы, куды Свабода зьвярнулася па камэнтар з нагоды пазбаўленьня Мацьвея Бяляя прытулку і магчымай дэпартацыі, адмовіліся паведамляць падрабязнасьці гэтай справы.
«Інфармуем, што Міграцыйны дэпартамэнт нясе адказнасьць за выкананьне ўсіх прынцыпаў абароны [пэрсанальных]зьвестак, таму наша агенцтва ня будзе даваць ніякіх камэнтароў адносна спраў асоб, якія шукаюць прытулку, або уцекачоў, а таксама якіх-небудзь канкрэтных асоб, абставінаў, рашэньняў і іншых аспэктаў, зьвязаных з пэрсанальнымі зьвесткамі», — адзначаецца ў адказе Міграцыйнага дэпартамэнту Літвы.
Раней яго ўжо пазбавілі статуса ўцекача. У лістападзе суд будзе разглядаць пытаньне аб ягонай дэпартацыі.
Цяпер Бяляй пабойваецца, што яго перамесьцяць у лягер для ўцекачоў і потым дэпартуюць у Беларусь. «Гэта будзе вялікая праблема для мяне», — падкрэсьліў Мацьвей Бяляй.
«У Беларусі на мяне завялі справу»
Мацьвей сьцьвярджае, што ў 2021 годзе яго затрымалі і памясьцілі ў жодзінскі ізалятар за тое, што спрабаваў усталяваць на дзьвярах будынку ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разьбіў там шкло малатком. Праз паўгода ён выйшаў з ізалятара і ўцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Ён шукаў дапамогу, каб трапіць ва Ўкраіну, але ў выніку вымушаны быў незаконна перабірацца празь Дзісну ў Літву.
У 2022 годзе ён атрымаў пяцігадовы дазвол на жыхарства ў Літве і статус уцекача, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам у сфэры будаўніцтва. «Я працаваў, будаваў дамы, займаўся рамонтам. Чаго я толькі не рабіў».
«Цяпер у Беларусі праводзяць вобшукі — у бацькі, у сястры, выклікаюць на допыт усіх маіх сваякоў, сяброў, а колішнюю жонку, зь якой мы маем сына, звольнілі з працы за падтрыманьне са мной сувязі. Цяпер ужо датычна мяне нібыта завялі справу аб экстрэмізьме. Сьледзтва вядзе Барысаўскі сьледчы камітэт», — паведаміў Мацьвей Бяляй.
У 2020 годзе Мацьвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску. У 2010 годзе працаваў каардынатарам і зьбіраў подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ўдзельнічаў у падзеях на Плошчы.
«Вельмі хачу жыць у Беларусі»
Мацьвей Бяляй кажа, што да падзеяў 2020 году ён меў у Віцебску свой будаўнічы бізнэс, ён атрымліваў падрады на рэстаўрацыю ў гэтым горадзе.
«Я займаўся субпадрадамі па рэстаўрацыі Віцебску, рабіў рамонты, ставіў вокны ў будынках. У Віцебску ў мяне ўсё было добра, ад бабулі я атрымаў у спадчыну гектар зямлі, я гадаваў быкоў. Я вельмі хачу жыць у Беларусі, але гэта дарога ў турму», — сказаў беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускага добраахвотніка склалі пратакол у міграцыйнай службе Ўкраіны. Ён падаў у суд і выйграў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі добраахвотнік расказаў, як выйграў суд у Міграцыйнай службы Ўкраіны