Раней пра зьмест прамовы Байдэна паведаміў у тэлевізійным інтэрвію намесьнік дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Джон Файнэр.
Як нагадвае «Голас Амэрыкі», знаходзячыся з візытам у Тэль-Авіве, прэзыдэнт ЗША абяцаў выдаткаваць $100 млн на гуманітарную дапамогу жыхарам сэктара Газа і Заходняга берага ракі Ярдан. Акрамя таго, ён заявіў, што зьвернецца да Кангрэса з просьбай аб прадастаўленьні Ізраілю беспрэцэдэнтнай дапамогі для барацьбы з ХАМАС.
Белы дом паведаміў, што Байдэн апублікуе свой запыт на гэтым тыдні. Па словах дасведчанай крыніцы, адміністрацыя разглядае магчымасьць вылучэньня $ 60 млрд Украіне і $ 10 млрд Ізраілю.
«Гэта будзе таксама зварот да амэрыканскага народа: як гэтыя канфлікты зьвязаныя з нашым жыцьцём тут, як важная падтрымка з боку амэрыканскага народа і Кангрэса», — так ахарактарызаваў Файнэр будучы выступ прэзыдэнта Байдэна ў інтэрвію MSNBC.
Тым часам карабель ВМС Mount Whitney, аздоблены сучасным абсталяванньем для кіраваньня, кантролю, сувязі і выведкі, накіроўваецца ва ўсходняе Міжземнамор’е, каб далучыцца да амэрыканскіх ваенных караблёў, якія ўжо знаходзяцца там, паведамілі прадстаўнікі ВМС.
Прадстаўнік амэрыканскага ўрада і супрацоўнік Кангрэса паведамілі агенцтву Reuters, што Міністэрства абароны на брыфінгу ў сераду паставіла чальцоў Кангрэса ў вядомасьць аб намеры адправіць дзьве сыстэмы супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» ў Ізраіль у рамках лізінгавага пагадненьня. Па словах супрацоўніка Кангрэса, перадача можа адбыцца на працягу некалькіх дзён.
Напярэдадні прэзыдэнт Байдэн вярнуўся з кароткай паездкі ў Ізраіль, мэтай якой было выказаць падтрымку ЗША пасьля нападу ХАМАС на ізраільскія гарады і ваенныя базы.