Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў аб неабходнасьці зьнішчэньня ХАМАСа


ISRAEL-PALESTINIANS/BIDEN
ISRAEL-PALESTINIANS/BIDEN

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у нядзелю, што, на яго думку, ваенізаваная групоўка ХАМАС павінна быць зьліквідавана, падкрэсьліўшы пры гэтым неабходнасьць распрацоўкі пляну стварэньня палестынскай дзяржавы.

Незадоўга да гэтага прадстаўнікі адміністрацыі папярэдзілі, што вайна паміж Ізраілем і ХАМАС можа абвастрыцца.

Ізраіль вядзе бамбаваньне сэктара Газа ў адказ на беспрэцэдэнтныя атакі з боку ХАМАСа, у выніку якіх загінула каля 1300 ізраільцян, у асноўным мірных жыхароў.

Як піша «Голас Амэрыкі», Джо Байдэн ня думае, што на полі бою спатрэбіцца прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, паколькі Ізраіль, паводле слоў прэзыдэнта, валодае адной з «найлепшых баявых сіл» у сьвеце, нават нягледзячы на тое, што амэрыканскія ваенныя караблі накіраваліся ў гэты рэгіён на фоне росту сутыкненьняў на паўночнай мяжы Ізраіля зь Лібанам.

Калі яго спыталі, ці лічыць ён, што ХАМАС павінен быць цалкам зьліквідаваны, Байдэн сказаў:

«Так, лічу. Але мусіць быць палестынская адміністрацыя. Павінен быць шлях да палестынскай дзяржавы», — сказаў ён падчас нядзельнага інтэрвію тэлеканалу CBS.

Прэзыдэнт папярэдзіў, што для Ізраіля было б памылкай акупаваць Газу, але «зьнішчэньне» «Хезбалы» і ХАМАСа, паводле яго, зьяўляецца «неабходным патрабаваньнем».


Міністар абароны ЗША Лойд Осцін абвясьціў аб разгортваньні другой авіяноснай групы позна ўвечары ў суботу, назваўшы гэта прыкметай «нашай рашучасьці стрымліваць любых дзяржаўных або недзяржаўных суб’ектаў, якія імкнуцца да эскаляцыі гэтай вайны».

«Іран — вострая тэма, але якую старанна пазьбягаюць, — расказала добра знаёмая з сытуацыяй крыніца ў адміністрацыі, — Авіяносцы суправаджаюць баявыя караблі і штурмавікі. Прыкладаюцца ўсе намаганьні, каб не дапусьціць перарастаньня гэтага канфлікту ў рэгіянальны».

Байдэн сказаў, што ягонае пасланьне Ірану заключаецца ў тым, каб не абвастраць канфлікт.

Міністар замежных спраў Ірана Хасейн Амірабдалахіян папярэдзіў у нядзелю, што яго краіна можа дзейнічаць, папярэдзіўшы ў інтэрвію «Аль-Джазіры» ізраільскіх чыноўнікаў, што «калі яны не спыняць свае зьверствы ў Газе, Іран ня можа проста заставацца назіральнікам».

«Калі маштабы вайны пашыраць, Амэрыцы таксама будзе нанесеная значная шкода», — сказаў ён.

Байдэн у інтэрвію CBS заявіў, што пагроза тэрарызму ў ЗША ўзрасла праз рост напружанасьці на Блізкім Усходзе. Аднак, паводле яго, ЗША могуць паклапаціцца аб войнах у Ізраілі і ва Ўкраіне і пры гэтым захаваць сваю «міжнародную абарону».

Гвалт на паўночнай мяжы Ізраілю ўжо нарастае. Лібанскія баевікі «Хезбалы», якія падтрымліваюцца Іранам, у нядзелю пачалі напады на пасады ізраільскага войска і вёскі на мяжы; Ізраіль адказаў ударамі па Лібане.

Саліван расказаў аб новым пакеце ўзбраеньняў для Ізраіля і Ўкраіны, кошт якога будзе «значна вышэйшы», чым раней заяўленыя 2 мільярды даляраў. Ён паведаміў CBS, што Байдэн плянуе правесьці перамовы аб пакеце на гэтым тыдні з Кангрэсам. Хуткае прыняцьце ўскладняецца пакуль што няўдалымі спробамі рэспубліканцаў выбраць новага сьпікера Палаты прадстаўнікоў.

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў у нядзелю, што ў найбліжэйшыя дні ён адправіцца ў рэгіён разам зь іншымі сэнатарамі, каб дамагчыся працягу перамоваў паміж Саудаўскай Арабіяй і Ізраілем.

Грэм заявіў, што мае намер прадставіць законапраект, які «дазволіць Злучаным Штатам ажыцьцяўляць удары сумесна з Ізраілем, каб выбіць Іран з нафтавага бізнэсу», калі Іран нападзе на Ізраіль.

Прадстаўнікі ўраду ЗША таксама заявілі, што яны мабілізуюцца, каб дапамагчы змякчыць гуманітарны крызіс у Газе, чакаючы жорсткага наземнага наступу.

Ізраільскія афіцыйныя асобы ясна далі зразумець, што гэтая кампанія ня будзе лёгкай і хуткай. Перад ім стаіць праблема, зьвязаная з тым, што дзясяткі закладнікаў, захопленых ХАМАСам 7 кастрычніка, зараз могуць утрымлівацца ў лябірынце падземных тунэляў, якія павінны быць расчышчаны ізраільскімі вайскоўцамі, каб зьнішчыць ХАМАС.

Байдэн у паведамленьні, апублікаваным у X, сказаў: «Мы не павінны выпускаць з-пад увагі той факт, што пераважная большасьць палестынцаў ня мелі ніякага дачыненьня да жудасных нападаў ХАМАСа і пакутуюць у выніку іх».

ЗША прызначылі былога пасла ў Турэччыне Дэвіда Сатэрфілда спэцыяльным пасланьнікам у гуманітарных пытаньнях на Блізкім Усходзе. Ягоная ўвага будзе засяроджана на «садзейнічаньні бясьпецы цывільных асоб», заявілі ў Дзярждэпартамэнце.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў у нядзелю, што памежны пераход у Газу, які кантралюецца Эгіптам, будзе зноў адкрыты, і ЗША працуюць з Эгіптам, Ізраілем і Арганізацыяй Абʼяднаных Нацый, каб накіраваць паток уцекачоў праз гэты калідор.

Сотні тон гуманітарнай дапамогі зь некалькіх краін былі затрыманыя на Сынайскім паўвостраве ў Эгіпце на працягу некалькіх дзён у чаканьні пагадненьня аб іх бясьпечнай дастаўцы ў Газу і эвакуацыі ўладальнікаў замежных пашпартоў праз эгіпецкі КПП Рафіях, якія знаходзяцца ў Газе.
Саліван сказаў NBC:

«Дагэтуль мы не змаглі прапусьціць амэрыканскіх грамадзян праз памежны пераход, і я не ведаю, каб хтосьці яшчэ змог выехаць за гэты час».

Ён дадаў, што хоча пераканацца, што цывільнае насельніцтва, якое засталося ў Газе, мае доступ да ежы, вады і жыльля, і ў інтэрвію CNN сказаў, што ізраільскія афіцыйныя асобы нядаўна «зноў уключылі водаправод у паўднёвай частцы Газы».

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG