6 кастрычніка стала вядома, што Беларуская фэдэрацыя футболу (АБФФ) атрымала поўны пакет акцый спартовага выданьня «Прессбол» — газэта цалкам перайшла пад кантроль дзяржавы. Як расказалі БАЖ крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, з таго часу супрацоўнікі перасталі атрымліваць заробкі.
«Пакуль выданьне было не на 100% у руках АБФФ, супрацоўнікам плацілі аклады ці менш, але грошы выплачвалі. Пасьля таго як „Прессбол“ перайшоў пад уладаньне АБФФ, заробку ўжо не было зусім. За верасень, напрыклад, бяз грошай», — кажуць калегі.
Паводле іх, некалькі чалавек пакінулі выданьне пры згодзе бакоў з пачатку кастрычніка. Падрабязнасьцяў наконт далейшага існаваньня выданьня няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачалася цэнзура». Журналіст «Прессбола» расказаў, як змагаўся за навіну пра вызваленьне Хіжынковай- Газэта «Прессбол» выходзіць у Беларусі з 1991 году.
- У 2020-м яе ўпершыню ўзначаліў чалавек звонку: былы журналіст дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Сяргей Лісічкін, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Дзьмітрыя Герчыкава, пры якім у газэце выходзілі матэрыялы аб пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Лісічкіна, прапанова заняць пасаду яму паступіла ад старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Базанава. Тады рэдакцыю пакінулі вядучыя журналісты.
- Пасьля зьмены галоўнага рэдактара выданьне перастала пісаць на вострыя тэмы, аднак на форуме сайта яшчэ заставалася прастора для свабоды слова.
- У чэрвені 2023 году «па выніках маніторынгу на прадмет выкананьня нацыянальнага заканадаўства аб СМІ» Мінінфарм заблякаваў сайт «Прессбола» pressball.by. З таго часу доступу да яго няма.
- 4 жніўня журналісты «Прессбола» запусьцілі новы сайт resport.by, але яго заблякавалі на наступны дзень. Паводле інфармацыі «Позірку», цяперашняя сытуацыя значна пагоршыла фінансавае становішча выданьня, якое выходзіць са студзеня 1991 году.
- 11 жніўня 2023 году 54-гадовы галоўны рэдактар «Прессбола» Сяргей Лісічкін памёр. Празь месяц пачаліся размовы пра тое, што «Прессбол» можа хутка спыніць сваё існаваньне.
- На фоне крызісу ў «Прессболе» наперад на інфармацыйным рынку вырвалася выданьне Tribuna, якое актыўна разьвівае беларускамоўную вэрсію.