Дзень у гісторыі
1506 — на княжаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім абралі Жыгімонта І Старога.
1655 — ВКЛ і Швэцыя заключылі Кейданскую унію, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці.
1920 — на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага стварылі блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.
1929 — ЦК ВКП(б) абвясьціў курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
1945 — у Менску адкрыўся Літаратурны музэй Янкі Купалы.
1947 — адкрыўся Горадзенскі абласны драматычны тэатар.
У гэты дзень нарадзіліся
1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.
1733 — Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык. Выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіюме, рыцарскай школе ў Варшаве. З 1781 году — пісар вялікі ВКЛ і сакратар Сталай Рады.
1854 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт, адзін з заснавальнікаў сымбалізму.
1885 — Алесь Бурбіс, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік рэвалюцыі 1905 г. Адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
У памяці
1906 — Канстанцін Быліч, беларускі актор.
1937 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік, паэт. Рэпрэсаваны, асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
1942 — Флярыян Ждановіч, беларускі актор і рэжысэр.
1953 — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.
2004 — забілі беларускую журналістку Вераніку Чаркасаву.
Журналістку недзяржаўнай газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай 20 кастрычніка 2004 году ў яе кватэры ў Менску.
Ніякія матэрыяльныя каштоўнасьці з кватэры ня зьніклі — знайшліся, аднак, сьляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай вэрсіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якіх дапытваў крымінальны вышук у сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай — сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімер Мялешка, якія знайшлі цела. Пазьней падазрэньні зь іх былі зьнятыя.
Між тым у выніку журналісцкага расьсьледаваньня, праведзенага калегамі Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі зьдзейсьніў прафэсійны кілер, які інсцэнаваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць інфармацыя, якую зьбірала Вераніка пра «Інфабанк», абвінавачаны ў адмываньні грошай для продажу зброі Іраку.