Перавозчык «БелЭкспрэс Бай» (кампанія зарэгістраваная ў Гомлі) з 20 кастрычніка адкрывае аўтобусныя рэйсы «Менск — Ялта» і «Ялта — Менск».
Цана квітка ў адзін бок — ад 202 да 250 беларускіх рублёў. Анансавана, што аўтобус будзе адпраўляцца з Цэнтральнага аўтавакзалу ў Менску і прыбываць на аўтавакзал у Ялце. Рэйс заплянаваны раз на чатыры дні.
Як паведамляецца на расейскіх рэсурсах па набыцьці квіткоў, у дарозе аўтобус будзе мінімум 39 гадзін. Падрабязнасьцяў наконт маршруту не паведамляецца.
На афіцыйным сайце Цэнтральнага аўтавакзалу ў Менску інфармацыі пра гэты рэйс пакуль няма.
Цяпер існуюць два магчымыя маршруты зь Менску ў Ялту — праз Расею ў Керч і адтуль па Крымскім мосьце ў Крым, або праз Расею ў Растоў, адтуль у Крым праз захопленыя Расеяй Данецкую (Марыюпаль), Запароскую (Бярдзянск, Мелітопаль) і Херсонскую вобласьці.
Абодва маршруты небясьпечныя праз баявыя дзеяньні, якая распачала Расея сваім уварваньнем ва Ўкраіну.
Керчанскі мост, а таксама Марыюпаль, Бярдзянск і Мелітопаль, іншыя населеныя пункты цярпяць ад абстрэлаў ракетамі, артылерыяй і бесьпілётнікамі, там адбываюцца дывэрсіі.
Сёлета ў траўні гэты ж перавозчык пачаў пасажырскія аўтобусныя перавозкі па маршруце Данецк — Менск адзін раз на тыдзень з цаной квітка 175 беларускіх рублёў. Тады ў кампаніі адзначылі, што першыя паездкі будуць ажыцьцяўляцца ў тэставым рэжыме і стануць рэгулярнымі толькі ў выпадку запатрабаванасьці. Потым паведамлялі, што рэйсы неаднаразова скасоўваліся, бо не набіралася пасажыраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі пра маштабную апэрацыю, у якой зьнішчылі 9 расейскіх верталётаў, узьлётныя палосы і спэцтэхніку на аэрадромахРасея захапіла ўкраінскі Крым у лютым 2014 году. Тады Эўразьвяз, ЗША і іншыя замежныя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі, у тым ліку і забарону на кантакты з прарасейскімі ўладамі Крыму.
Беларусь раней не прызнавала Крым расейскім. Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Аляксандар Лукашэнка намякнуў на прызнаньне Крыму і нават абяцаў яго наведаць. Прарасейскія ўлады паведамлялі пра гатоўнасьць прыняць Лукашэнку, але той пакуль што так і не прыяжджаў у Крым.
Ад моманту анэксіі Крыму Расеяй Беларусь была своеасаблівым «афшорам» для легалізацыі паставак прадукцыі з Крыму ў Эўропу і наадварот.