Аксана Акуневіч — стваральніца шматфункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак», ініцыятарка стварэньня беларускамоўнай школкі, магістарка тэхнічных навук, аўтарка праекту «Чалавечая фізыка».
Некалькі дзён таму ў Батумі распачала працу беларуская школка на базе шматфункцыянальнай прасторы «аКсяродак», якая адкрылася летась. Раней у прасторы праходзілі розныя заняткі: сьпевы і маляваньне для дзяцей, сямейныя кінапаказы, кулінарыя.
Цяпер дзеці беларусаў у Батумі могуць вучыцца па такой сыстэме: тры дні на тыдзень яны вучацца ў беларускамоўнай школцы на базе прасторы «аКсяродак» і яшчэ два дні — у грузінска-францускай школе. У канцы яны змогуць атрымаць грузінскі атэстат.
Стварыць такую сыстэму ўдалося стваральніцы беларускай прасторы «аКсяродак» Аксане Акуневіч.
Раней да Аксаны зьвярнуліся прадстаўнікі Аліны Коўшык (прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні) з прапановай адкрыць і школку.
«Спачатку гэты праект быў накіраваны на Польшчу, потым нас пачалі падключаць да розных падзеяў.
І калі школкі пачалі шырыцца, я падхапіла ідэю, сказала, што з задавальненьнем вазьму ўдзел, арганізую, назьбіраю настаўнікаў, бо ў мяне вялікі пэдагагічны досьвед», — расказвае Аксана Акуневіч.
Раней, яшчэ да яе пераезду ў Грузію, беларуская дыяспара Аджарыі пэрыядычна хадзіла на сустрэчы з прадстаўнікамі грузінскіх уладаў у пытаньнях адукацыі беларускіх дзяцей.
«Асаблівасьць Грузіі ў тым, што ў іх ёсьць нацыянальныя сэктары, напрыклад расейскі, украінскі, турэцкі, азэрбайджанскі. І дзеці навучаюцца паводле праграмы той краіны, да народу якой яны этнічна адносяцца. Але нам сказалі, што пакуль ня будзе афіцыйнага запыту з боку Беларусі, каб стварыць такі сэктар, то нічога не атрымаецца».
Але гісторыя беларусаў у Грузіі кранула чыноўнікаў, зь якімі сустракалася дыяспара, кажа Аксана.
«Як аказалася, яны нейкае выйсьце шукалі. І ўжо пасьля пачатку навучальнага году з намі зьвязаліся прадстаўнікі амбудсмэна і прапанавалі зрабіць сустрэчу, што можа быць нейкае рашэньне для людзей, якія хочуць навучацца на сваёй роднай мове».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская школа ў Варшаве просіць дапамогі на падручнікі«Міністэрства дало дазвол на экспэрымэнт»
Так узьнік кантакт з грузінска-францускай школай, якая пагадзілася далучыць беларускіх дзяцей да сябе.
«Прадстаўнікі грузінска-францускай школы зьвярнуліся ў міністэрства, расказалі, што ёсьць група беларусаў, якія вельмі б хацелі інтэгравацца і далучыцца да грузінскай мовы і культуры. У Грузіі не ва ўсіх прыватных школах ёсьць мэта інтэграваць дзяцей, якія прыехалі, бо „цякучка“ эмігрантаў даволі вялікая. Міністэрства адукацыі Грузіі дало дазвол на такі экспэрымэнт».
Грузінска-францускую школу беларускія дзеці наведваюць два разы на тыдзень. Яны вучацца ў адной клясе, вывучаюць грузінскую мову, францускую, шахматы і культуру Грузіі.
«Культура Грузіі — гэта і танцы, і маляваньне, і сьпевы. Але праз тое, што ў нас яшчэ ня так шмат дзяцей, то фінансава нас было цяжка падключыць да гэтага прадмету. Але мы з дырэктаркай школы прыйшлі да высновы, што паспрабуем нашых беларускіх дзяцей далучыць да групы грузінскіх дзяцей, каб у іх была зь імі сувязь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ягор Сурскі: «Колькасьць беларусаў у польскіх школах беспрэцэдэнтная, але шлях да беларускай школы ў Польшчы няблізкі»«Прапанавала, каб нашыя дзеці пісалі кантрольныя на грузінскай»
У беларускую школку ў «аКсяродку» дзеці прыходзяць тры разы на тыдзень і вывучаюць беларускую мову і літаратуру, матэматыку, прыродазнаўчыя прадметы (геаграфію, біялёгію), апавядае Аксана.
«Пакуль што толькі гэтыя прадметы, бо самыя старэйшыя дзеці сёлета — гэта шостая кляса. Я як фізык прымяняю свае мэтодыкі раньняга навучаньня, каб падрыхтаваць да ўспрыманьня фізыкі, калі дзеці дарастуць да пачатку гэтага прадмету».
Па сканчэньні школы беларускія дзеці атрымаюць афіцыйны грузінскі атэстат.
«Калі ў нас атрымаецца стварыць беларускі сэктар, то здаваць экзамэны дзеці будуць на беларускай мове. Зараз я прапанавала, каб нашыя дзеці пісалі кантрольныя на грузінскай, каб у любы момант я магла паказаць міністэрству ці школе, чым дзеці займаюцца. Сплянаваны намі працэс накіраваны на тое, што нашыя дзеці змаглі б і на грузінскай здаваць экзамэны».
На сустрэчы з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту Алінай Коўшык беларуская дыяспара таксама падымала пытаньне, каб пачаць выдаваць беларускія атэстаты дзецям за мяжой.
Зараз навучаньне ў беларускай школцы ў «аКсяродку» і грузінска-францускай школе каштуе каля 185 даляраў на месяц.
«На сёньняшні дзень у нас 7 вучняў, што мяне моцна зьдзівіла, бо я думала, што ў першы тыдзень будзе адзін ці два. А квота, якую падавала грузінска-француская школа на гэты год для нас — гэта 26 чалавек. Значыць, яшчэ ёсьць месцы і можна далучыцца», — гаворыць Аксана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню адбыўся працоўны візыт у Грузію прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі«Мы можам працягваць той лад жыцьця, які быў у Беларусі»
У Грузіі вялікая цякучка эмігрантаў, таму ня ўсе школы ўдзяляюць увагу інтэграцыі дзяцей зь іншых краін. Аднак, на думку Аксаны Акуневіч, Батумі вельмі камфортны горад для пражываньня зь дзецьмі, бо тут шмат магчымасьцяў дадатковай адукацыі.
«Мы можам працягваць той лад жыцьця, які быў у Беларусі. У нас ёсьць трое дзяцей з рознымі дадатковымі гурткамі, якія не складана наведваць, бо ня вельмі вялікі горад. Таксама тут цяпер жыве каля 4000 беларусаў і, як аднойчы сказала мая знаёмая, пры жаданьні ў Батумі можна камунікаваць толькі зь беларусамі і толькі на беларускай мове».
Аксане вельмі падабаецца і тое, што ў Грузіі ўсё больш разьняволена, няма пастаяннага рэжыму выжываньня.
«Калі ты жывеш у краіне, дзе ў цябе цэлы год штосьці квітнее, нешта сьпее, ты разумееш, што ты не памрэш ад голаду ці холаду. І гэта падтрымлівае, — усьміхаецца Аксана. — І Грузія дае ўнутраную свабоду, якая была ў дзяцей 90-х унутры, калі магчыма ўсё. Гэтае „магчыма ўсё“ дазволіла мне працягваць, не апускаць рук, рабіць школу».
Што яшчэ адбываецца ў «аКсяродку»
Неўзабаве ў Батумі беларуская дыяспара будзе ладзіць вечар «(Не)расстралянай паэзіі», этнаграфічную лекцыю пра Дзяды і шмат чаго яшчэ.
«У адвэнт увесь сьнежань будзем рабіць традыцыйныя сямейныя сустрэчы, дзе дзеці і бацькі гатуюць нейкія стравы, упрыгажэньні. Таксама хочам аднавіць сямейныя і дарослыя кінапаказы, сьпеўныя сходы. Ну і кожны аўторак у нас беларускія настолкі для дарослых. Вакол „аКсяродку“ жыцьцё віруе, і мы плянуем гэта працягваць тымі спосабамі, да якіх прызвычаіліся людзі».
Падрабязьней пра беларускую школку і прастору «аКсяродак» можна даведацца тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія спыніла рээкспарт эўрапейскіх аўтамабіляў у Беларусь і Расею