Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Пэкін на форум, прысьвечаны дзесяцігодзьдзю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях».
Гэты форум адбываўся 17–18 кастрычніка, на яго сабраліся кіраўнікі многіх краінаў, у тым ліку і прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.
У двух папярэдніх форумах гэтай ініцыятывы — у 2017 і 2019 гадах — Лукашэнка ўдзельнічаў.
А на сёлетні не паехаў. Чаму? Гэтае пытаньне мы задалі экспэрту Фонду Карнэгі, кітаісту Цемуру Ўмараву.
— Такое адчуваньне, што ў Кітаі гэтым разам сабраліся толькі тыя краіны, дзе «Адзін пояс — адзін шлях» выглядае пасьпяхова, а не праблемна.
У Беларусі, улічваючы вайну і санкцыі, цяпер ня ўсё добра. Кіргіскі і таджыцкі прэзыдэнты таксама не прыехалі, думаю, з гэтай прычыны.
Але гэта ня значыць, што Кітай ад гэтых краінаў адварочваецца. Двухбаковыя адносіны будуць працягвацца, яны будуць працягваць рабіць рэвэрансы ў бок адзін аднаго і працягваць гаварыць, як у іх адносінах усё цудоўна разьвіваецца.
Толькі прысутнасьць такіх краінаў-аўтсайдэраў на вялікай пампэзнай імпрэзе ў гонар 10-годзьдзя праекту дрэнна адбілася б на іміджы. Таму лепей бязь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не паехаў на форум «Адзін пояс — адзін шлях» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Кітаю Беларусь, а Беларусі — Кітай? Тлумачыць кітаіст Цемур Умараў