Спэцыяліста ў пытаньнях бясьпекі Андрэя Паротнікава затрымалі ў сакавіку 2023-га ў Расеі і пад аховай прывезьлі ў Беларусь.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», палітолягу выставілі абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве — 356-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога грамадзяніну, які не зьяўляецца службовай асобай, пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
«Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але сьледзтва ідзе неяк вельмі дзіўна. Ведаю, што апошнія тры месяцы нічога не абываецца, а справа яшчэ не завершаная. Сядзіць і чакае», — расказала пра Андрэя Паротнікава крыніца, якая прасіла не называць яе імя ў мэтах бясьпекі.
Крыніца паведаміла некаторыя зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня палітоляга.
«Знаходзіцца ў звычайнай камэры, як і іншыя. На ўмовы не наракае. Шмат чытае. Заказаў падручнік гішпанскай мовы. Значыць, плянуе пашырыць веды ў замежных мовах», — кажа крыніца.
Паводле гэтай крыніцы, сувязь з Андрэем Паротнікавам удаецца падтрымліваць рэгулярна.
«Да яго даходзяць лісты. Яму носяць перадачы. Ад яго даходзяць зьвесткі, што пачуваецца нармальна».
Андрэй Паротнікаў — капітан міліцыі запасу. Пасьля звальненьня з МУС ён займаўся незалежнай аналітыкай на тэмы бясьпекі і сілавых структур. Кіраваў аналітычным цэнтрам Belarus Security Blog. Яго арыштавалі 19 сакавіка 2023 году ў Расеі. Паводле тэлеканала АНТ, які ў жніўні паказаў адмысловы фільм пра «здраду дзяржаве» з боку Андрэя Паротнікава, затрыманьне адбылося ў Смаленску. Паводле крыніцы, якая размаўляла з Радыё Свабода, затрымалі палітоляга ў Маскве.
Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Паротнікава палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал АНТ пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне аналітыка Андрэя Паротнікава. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»