Ва Ўкраіне шукаюць грамадзяніна Беларусі, абвінавачанага ў марадэрстве ў Бучы ў часе расейскай акупацыі

Горад Буча падчас вайны. 2022

Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць частку 4 артыкула 185 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Адзін з судоў Кіеўскай вобласьці дазволіў супрацоўнікам паліцыі затрымаць грамадзяніна Беларусі для далейшага ягонага арышту і забесьпячэньня прысутнасьці ў судзе па разглядзе справы паводле абвінавачаньня яго ў крадзяжах у час ваеннага становішча.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, грамадзянін Беларусі, ураджэнец Магілёва, прыехаў ва Ўкраіну ў 2020 годзе і жыў у Бучанскім раёне. Ён быў жанаты, меў сярэднюю спэцыяльную адукацыю, але па статус уцекача не зьвяртаўся і не падаў дакумэнтаў аб законнасьці свайго пражываньня ва Ўкраіне. Ён зьнік адразу пасьля таго, як яму выставілі абвінавачаньне пасьля завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: зьявілася новае відэа з Бучы, якое пацьвярджае, што трупы на вуліцах гораду былі пры расейскай арміі

Згодна з матэрыяламі справы, беларус цягам сакавіка 2022 году ў часе расейскай акупацыі Бучы Кіеўскай вобласьці абакраў некалькі прыватных дамоў, карыстаючыся адсутнасьцю гаспадароў. У некаторыя дамы ён заходзіў па некалькі разоў.

У прыватнасьці, у матэрыялах фігуруюць некалькі эпізодаў, калі абвінавачаны пранікаў у пустыя дамы праз вокны або ламаў дзьверы і выносіў адтуль розную маёмасьць — чатыры ноўтбукі, некалькі фотаапаратаў і прыладаў да іх, залатыя і срэбныя вырабы, некалькі ровараў, надзіманую лодку, ласты, скураныя рамяні, некалькі дарослых і дзіцячых гадзіньнікаў, электрычныя інструмэнты, мабільныя тэлефоны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Кіеўскай вобласьці: абвінавачаны ў злачынствах у Бучы ўраджэнец Беларусі абвешчаны ў вышук, справы не закрылі

Усяго сьледчыя вызначылі шэсьць эпізодаў крадзяжу, учыненых з 17 да 28 сакавіка 2022 году, калі Буча знаходзілася пад расейскай акупацыяй. Згодна з матэрыяламі справы, беларус выкраў маёмасьці больш як на 70 тысяч грыўняў, што паводле цяперашняга курсу складае каля 2 тысячаў даляраў у эквіваленце.

Усе матэрыялы сабраныя ў 2 тамах на 490 старонках. Зь імі мусілі азнаёміцца абвінавачаны беларус (у судовым рашэньні ягонае прозьвішча не называюць у мэтах абароны пэрсанальных дадзеных) і ягоны адвакат.

6 чэрвеня 2022 году грамадзянін Беларусі падпісаўся пад паведамленьнем аб завяршэньні расьсьледаваньня і магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы, а на наступны дзень зьнік, і ягонае цяперашняе месцазнаходжаньне невядомае.

Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць частку 4 артыкула 185 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд ва Ўкраіне абавязаў мужчыну ў якасьці пакараньня прачытаць 6 кніг аб расейска-ўкраінскай вайне