Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ва Ўкраіне абавязаў мужчыну ў якасьці пакараньня прачытаць 6 кніг аб расейска-ўкраінскай вайне


Кнігі. Ілюстрацыйнае фота.
Кнігі. Ілюстрацыйнае фота.

Прыдняпроўскі раённы суд украінскага гораду Чаркасы прызначыў мясцоваму жыхару за заклікі ў сацсетках да гвалтоўнай зьмены ўлады ў краіне ўмоўнае пакараньне: ён павінен прачытаць шэсьць кніг аб расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Асуджанага мужчыну, імя якога не называецца, прызналі вінаватым у распаўсюджваньні матэрыялаў з публічнымі заклікамі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і дзяржаўнай улады ў краіне (частка 2 артыкула 109 КК Украіны). Пра гэта піша УНІАН са спасылкай на рашэньне суду.

Паводле сьледзтва, у лістападзе 2022 жыхар Чаркасаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку разьмясьціў пост, у якім абвінаваціў украінскую ўладу ў карупцыі, узурпацыі, а таксама падбухторваў вайскоўцаў да паўстаньня для яе зьвяржэньня.

Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся, заклікаўшы суд строга яго не караць. Суд улічыў пазыцыю асуджанага, прызначыўшы яму год пазбаўленьня волі ўмоўна. У якасьці прафіляктычнай меры мужчыну абавязалі прачытаць да канца красавіка 2024 шэсьць кніг пра ўкраінска-расейскую вайну, пісьмова апісаўшы свае ўражаньні.

Сярод кніг, якія жыхару Чаркасаў давядзецца прачытаць, значацца такія, як «Ізаляцыя. Тайныя турмы Данбасу ў расповедах уратаваных ад катаваньняў і сьмерці», «Зіма набліжаецца», «Эўразійскі разлом: Украіна ў эпоху гібрыдных выклікаў», «Украіна ў эпоху вайнаміру», «На шчыце. Успаміны сем'яў загінулых воінаў. Данецкі аэрапорт», «24.02. Дзёньнік вайны».

  • Падобнае пакараньне ў лістападзе 2021 прызначыў двум мужчынам, абвінавачаным у крадзяжах, судзьдзя з Адэсы Аляксандар Гарскі. Ён абавязаў асуджаных чытаць Марка Твэна, Джэка Лёндана і Тараса Шаўчэнку. Сваё рашэньне судзьдзя растлумачыў тым, што ў падсудных былі прабелы ў адукацыі, якія ён вырашыў запоўніць, абавязаўшы іх чытаць творы клясыкаў сусьветнай і ўкраінскай літаратуры.
  • У Беларусі заклікі ў сеціве да гвалтоўнай зьмены ўлады караюцца пазбаўленьнем волі ад чатырох да дванаццаці гадоў (Крымінальны Кодэкс РБ, арт.361, ч.3).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG