За данаты беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне праграміста асудзілі на 6 гадоў калёніі

Суд у Берасьці, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Берасьцейскім абласным судзе 17 кастрычніка на 6 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 36-гадовага мясцовага праграміста Леаніда Райчонка. Яго засудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне паводле ч. 2 арт. 361-3 КК.

Як піша «Вясна», такі вырак вынесла Вера Філонік на прапанову пракурора Генадзя Бурага. Леаніда затрымалі гэтым летам на беларуска-польскай мяжы, завялі крымінальную справу і зьмясьцілі пад варту ў берасьцейскае СІЗА.

Паводле абвінавачаньня, 17 траўня 2022 года Леанід перавёў 400 даляраў на бронекамізэлькі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Ўкраіны. Другое ахвяраваньне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысьць Prague Support Team.

Пра Леаніда Райчонка вядома, што ў яго двое непаўналетніх дзяцей. «Медиазона. Беларусь» зьвяртала ўвагу, што супрацоўнік Viber, iOS-распрацоўнік Леанід Райчонак у жніўні 2020 году пакінуў подпіс у калектыўным звароце з асуджэньнем гвалту сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 кастрычніка: затрыманьні на заводзе «Нафтан»