«Ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі ня буду трымацца рукамі за трубу батарэі»
Былы палітычны вязень (імя не называецца ў мэтах бясьпекі) даведаўся пра сьмерць актывіста Вітольда Ашурака ў калёніі зь дзяржаўнай тэлевізіі ў сьледчым ізалятары, піша «Вясна». Але да вызваленьня ён ня ведаў ні пра тое, у якой турэмнай установе гэта адбылося, ні падрабязнасьцяўх гібелі актывіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Былая начальніца мэдчасткі калёніі, дзе загінуў палітвязень Вітольд Ашурак, пайшла на павышэньнеБылога палітвязьня, зь якім пагутарыла «Вясна», ўтрымлівалі аднаго ў ШЫЗА тры тыдні. Трапіў ён туды з надуманых прычын, як і многія іншыя палітзьняволеныя. Калі ён расказваў пра ўмовы ўтрыманьня ў ШЫЗА, то найчасцей успамінаў холад, які панаваў там увесь час. Паводле яго, з 7 раніцы да 14 гадзін у камэры была адчыненая фортка. Супрацоўнікі такім чынам нібыта праветрывалі яе, але па факце выстуджвалі. Гэта рабілася незалежна ад надвор’я — ня важна, за вакном маразы ці сонца. Паводле былога палітвязьня, калі ён утрымліваўся ў ШЫЗА з адчыненай форткай, то на вуліцы было да мінус 15 марозу. Некалькі разоў фортку не зачынялі да 17 гадзін.
«У камэры было вельмі халодна. Сагрэцца можна было, толькі трымаючыся рукамі за батарэю. Але гэта ня тыя самыя батарэі ў нашым звычайным разуменьні, а дзьве звараныя звычайныя трубы, а паміж імі ёсьць уваход і выхад. Па-іншаму там немагчыма [сагрэцца]. Трымаесься і трымаесься рукамі за гарачую батарэю. Я ўспрымаў гэтую сытуацыю з холадам на ўзроўні фізычнага выжываньня. Калі я ноччу клаўся спаць, то інстынкт самазахаваньня мне падказваў у думках, што ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі ня буду трымацца рукамі за трубу батарэі, бо толькі яна і ратавала. Сну не было, зразумела, аніякага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня». Дар’я Лосік год за кратамі«Вельмі цяжка там не зварʼяцець»
Пры гэтым, паводле былога палітвязьня, тэмпэратура ў ШЫЗА ўвесь час трымалася каля 10 градусаў. З рэчаў выдавалі толькі анучу для прыбіраньня, маленькі кавалачак мыла і туалетную паперу, але не заўсёды і няшмат.
«Але, безумоўна, найперш было вельмі цяжка псыхалягічна. Нават цяжэй, чым фізычна. Я быў перакананы, што мяне ўжо хутка не выпусьцяць з калёніі. Ты рабіў пляны на волю, але тут усё можа перамяніцца... Было б прасьцей, калі б ты ведаў, што адседзіш канкрэтны тэрмін і выйдзеш. Але ты сядзіш зь нявызначанасьцю, і гэта моцна вымотвае псыхалягічна. Тут няма ніякіх правілаў — як захочуць, так і будзе. Маглі навесіць яшчэ артыкул 411 КК, і ўсё... Ты ня ведаеш увесь час, на што настройвацца. Я думаў, што выпрабаваньне, — вытрымаць 10 дзён у халаднечы, але выявілася, што не. Адзін дзень неяк пражыў і пратрываў, але потым наступаюць іншыя дні. Вельмі цяжка там не зварʼяцець.
Па іх правілах, калі кантралёры адчыняюць дзьверы або зазіраюць у вочка дзьвярэй, ты павінен падысьці да прышпіленай нары, стаць у прозу „ластаўкі“, гэта значыць шырока расставіць ногі, а рукі тыльным бокам пакласьці на чырвоную лінію, намаляваную на нарах. Калі празь відэакамэру ці вочка дзьвярэй кантралёры заўважаць, што ты пачынаеш засынаць, то пачынаюць моцна грукаць у дзьверы і крычаць, каб стаў, як трэба. За гэта можна атрымаць чарговыя суткі ШЫЗА».
Паводле былога палітвязьня, стаўленьне з боку супрацоўнікаў калёніі было ў асноўным зьняважлівае.
«Ёсьць псыхалягічны ціск. Яны з табой не гавораць — яны крычаць. Калі яны бачаць па відэакамэры, што ты пачынаеш засынаць, то адразу падыходзяць і проста крычаць. Днём там можна толькі сядзець ці хадзіць, і ўсё. Чытаць і пісаць там не дазваляецца».
Пры гэтым за тры тыдні ў ШЫЗА былога палітвязьня ніводнага разу не выводзілі ў душ. Ён расказаў, што не хапала і ежы:
«Ежа была там разнастайная, але порцыі такія, што не наядаесься. Паеў і думаеш, як бы пратрываць да наступнага прыёму ежы. Так час і праходзіў у чаканьні. Там жа вельмі вялікая страта энэргіі была ад таго, што вельмі халодна. Я вельмі там схуднеў (агулам за час зьняволеньня скінуў каля 17 кіляграмаў)».
Былы палітвязень адзначае, што ў шклоўскай калёніі практыкуецца ціск на палітзьняволеных з удзелам так званых правакатараў. Іншыя зьняволеныя іх могуць правакаваць на бойкі і спрэчкі, якія зьяўляюцца падставай для вынясеньня спагнаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штомесяц сядзяць у ШЫЗА». Навіны ад анархістаў Аліневіча і Емяльянава, якіх трымаюць у самых строгіх турмах