15 кастрычніка ў Польшчы і пры амбасадах краіны ў замежжы адбыліся выбары ў Сэйм і Сэнат. Выбарчыя ўчасткі ў Польшчы працавалі ад 7-й да 21-й гадзіны (22-й паводле менскага часу). Яўка на выбарах была амаль 73% — рэкордна высокай для Польшчы. Пасьля завяршэньня галасаваньня закон дазваляе публікаваць вынікі апытаньняў на выхадзе з выбарчых ўчасткаў — так званыя экзыт-полы.
Што паказалі экзыт-полы?
Вось якія вынікі друкуе найбуйнейшы польскі партал onet.pl са спасылкай на міжнародную сацыялягічную службу IPSOS:
- Партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году і да якой належаў і прэзыдэнт Анджэй Дуда, набрала, паводле апытаньня, 36,8%.
- Найбуйнейшая апазыцыйная сіла — «Грамадзянская кааліцыя» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам, набрала ў апытаньні 31,6%.
- Паводле апытаньня, 13% набраў «Трэці шлях» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымона Галоўні і Польскай народнай партыі. Лідэр апошняй Уладзіслаў Касіняк-Камыш быў міністрам ва ўрадах Дональда Туска і Эвы Копач.
- Аб'яднаньне левых сілаў «Лявіца» (Lewica), паводле апытаньня, мае 8,6%.
- Радыкальная правая партыя «Канфэдэрацыя», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, паводле апытаньня, атрымала 6,2%
Калі рэальныя вынікі выбараў супадуць з вынікамі экзыт-полаў, гэта можа прывесьці як да кааліцыі, у якой будзе весьці рэй цяперашняя урадавая партыя, гэтак і да стварэньня кааліцыйнага ўраду апазыцыйных партыяў . Аднак на ранейшых выбарах вынікі пасьля падліку галасоў не заўсёды супадалі з экзыт-поламі.
І кіраўнік «Права і справядлівасьці» Яраслаў Качынскі, і лідэр «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск ужо заявілі, што задаволеныя вынікамі выбараў і гатовыя сфармаваць урад з кааліцыйнымі партнэрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы праходзяць парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. У бюлетэнях ёсьць і згадка пра БеларусьРэфэрэндум. Пытаньні, спрэчкі, сувязь зь Беларусьсю
Пакуль што не апублікавалі вынікі экзыт-полаў на пытаньні рэфэрэндуму, які байкатавала апазыцыя. На рэфэрэндум цяперашнія ўлады Польшчы вынесьлі чатыры пытаньні. Яны наступныя:
- 1. Ці падтрымліваеце вы продаж дзяржаўных актываў замежным структурам, што вядзе да страты полькамі і палякамі кантролю над стратэгічнымі галінамі эканомікі?
- 2. Ці падтрымліваеце вы павышэньне пэнсійнага ўзросту, то бок вяртаньне да веку 67 гадоў для жанчын і мужчын?
- 3. Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю загароды на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь?
- 4. Ці падтрымліваеце вы прыём тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі ў рамках мэханізму прымусовага перасяленьня, навязанага эўрапейскай бюракратыяй?
Апазыцыя лічыць рэфэрэндум абсурдным і жорстка крытыкавала пытаньні, вынесеныя на яго, за тое, што яны гучаць як прапаганда ад «ПіС». Некаторыя палітыкі заклікалі галасаваць толькі на парлямэнцкіх выбарах, не беручы ўдзелу ў рэфэрэндуме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы праходзяць парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. У бюлетэнях ёсьць і згадка пра Беларусь