Акрамя таго, Аліеў падняў азэрбайджанскія сьцягі ў Хаджалы, Агдэры і іншых населеных пунктах Карабаху, якія вярнуліся пад кантроль Баку пасьля правядзеньня ў рэгіёне 19 верасьня ваеннай апэрацыі.
Такім чынам, Азэрбайджан аднавіў поўны сувэрэнітэт над Карабахам.
Карабах паводле міжнародным права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складалі армяне. З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку тэрыторыі, там была абвешчана Нагорна-Карабаская рэспубліка, не прызнаная ніводнай краінай сьвету. Акрамя самога Нагорнага Карабаху армянскае войска захапіла некаторыя прылеглыя раёны Азэрбайджану, якія не ўваходзяць у Карабах.
19 верасьня Азэрбайджан у выніку аднадзённай ваеннай апэрацыі прымусіў урад непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі капітуляваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: ЗША асьцерагаюцца ўварваньня Азэрбайджану ў Армэнію ў найбліжэйшыя тыдніАрмянскае насельніцтва, баючыся перасьледу, масава пакінула свае дамы. Паводле ацэнкі ААН, у рэгіёне за некалькі тыдняў засталося не больш за тысячу з 120 тысяч армян, якія пражывалі там. Ерэван назваў ад'езд насельніцтва этнічнай чысткай.
Азэрбайджанскія ўлады заклікалі жыхароў застацца ў рэгіёне і заявілі аб гатоўнасьці весьці перамовы аб рэінтэграцыі армянскага насельніцтва Карабаху.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».