Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Politico: ЗША асьцерагаюцца ўварваньня Азэрбайджану ў Армэнію ў найбліжэйшыя тыдні


Сюніцкая вобласьць на поўдні Армэніі
Сюніцкая вобласьць на поўдні Армэніі

Дзярждэпартамэнт ЗША баіцца ўварваньня Азэрбайджану на поўдзень Армэніі ў найбліжэйшыя тыдні. Пра гэта групе амэрыканскіх дэпутатаў паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, піша Politico са спасылкай на крыніцы.

Размова, як сьцьвярджаецца, адбылася яшчэ 3 кастрычніка. Падчас яе Блінкен абмяркоўваў з чальцамі Палаты прадстаўнікоў магчымыя меры ў дачыненьні да Азэрбайджану ў адказ на яго ваенную апэрацыю ў Нагорным Карабаху, пасьля якой рэгіён пакінула большая частка армянскага насельніцтва. Сярод іншага Блінкен адзначыў, што Дзярждэпартамэнт не плянуе падаўжаць заканадаўчую агаворку, якая з 2002 году дазваляла ЗША пастаўляць зброю Баку.

Празь некалькі дзён пасьля брыфінгу адзін зь ягоных удзельнікаў дэпутат Фрэнк Пэлан напісаў у Х (былы Твітэр), што прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў «прасоўваецца ў дасягненьні сваёй мэты — захапіць Паўднёвую Армэнію», бо «яго рэжым падбадзёрыўся пасьля таго, як сутыкнуўся зь нязначнымі наступствамі» сваёй апэрацыі ў Карабаху.

Аліеў шмат гадоў кажа пра Зангезурскі калідор — гіпатэтычны транспартны шлях паміж асноўнай тэрыторыяй Азэрбайджану і яго Нахічэванскім эксклавам, які мае прайсьці па тэрыторыі паўднёвай Армэніі. У 2021 годзе Аліеў пагражаў стварыць яго сілай. Патрабаваў адкрыцьця калідору і прэзыдэнт Турэччыны, якая падтрымлівае Азэрбайджан. Пра адкрыцьцё транспартных шляхоў у рэгіёне, бяз згадваньняў канкрэтных маршрутаў, гаварылася і ў сумеснай заяве лідэраў Армэніі, Азэрбайджану і Расеі ад лістапада 2020 году.

«У Армэніі гэта ўспрымаецца як тэрытарыяльныя прэтэнзіі і патрабаваньне экстэрытарыяльнага калідора», — заявіў нядаўна прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашынян. Ён зазначыў, што калі калідор і будзе, то толькі пад юрысдыкцыяй Армэніі.

Азэрбайджан адмаўляе магчымасьць уварваньня ў Армэнію, піша Politico, цытуючы дарадцу Аліева па зьнешняй палітыцы Хікмета Гаджыева.

У выніку ваеннай апэрацыі, распачатай 19 верасьня, Азэрбайджан вярнуў пад кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху, якую не кантраляваў больш за 30 гадоў. ЗША і ЭЗ не падтрымалі сілавыя дзеяньні Азэрбайджану, аднак не ўвялі ў сувязі зь імі ніякіх захадаў супраць Баку. Нагорны Карабах — міжнародна прызнаная тэрыторыя Азэрбайджану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG