Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі выказаў занепакоенасьць з нагоды пашырэньня вайсковых кантактаў паміж Масквой і Пхэньянам, піша Голас Амэрыкі.
Паўночная Карэя нядаўна перадала Расеі партыю ўзбраеньняў, паведамілі ў пятніцу ў Белым доме. Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі назваў гэтую падзею «трывожнай» і выказаў занепакоенасьць з нагоды пашырэньня вайсковых кантактаў паміж Масквой і Пхэньянам.
Белы дом апублікаваў здымак, на якім бачная партыя боепрыпасаў са склада ў Паўночнай Карэі, якая была пагружаная на судна пад расейскім сьцягам, а затым адпраўлена на склад на паўднёва-заходняй мяжы Расеі. Па дадзеных Злучаных Штатаў, пастаўка была ажыцьцёўленая ў пэрыяд з 7 верасьня па 1 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын завяршыў доўгі візыт у Расею«Мы асуджаем КНДР за прадстаўленьне Расеі гэтай вайсковай тэхнікі, якая будзе выкарыстоўвацца для нападу на ўкраінскія гарады, забойства мірных жыхароў Украіны і працягу незаконнай вайны, разьвязанай Расеяй», — заявіў Джон Кірбі.
Новыя спадарожнікавыя здымкі сьведчаць аб рэзкім павелічэньні чыгуначнага руху ўздоўж паўночнакарэйска-расейскай мяжы, што ўказвае на тое, што КНДР актыўна пастаўляе боепрыпасы ў Расею, піша Голас Амэрыкі.
- Першыя паведамленьні аб магчымым вайсковым партнэрстве Масквы з Пхэньянам зьявіліся ў мінулым месяцы, калі паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын адправіўся ў Расею, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і наведаць ключавыя вайсковыя аб’екты на Далёкім Усходзе краіны.
- Амэрыканская выведная супольнасьць падазрае, што Кім Чэн Ын хоча атрымаць складаныя расейскія зброевыя тэхналёгіі для разьвіцьця сваёй ядзернай праграмы ў абмен на боепрыпасы.