За час шасьцідзённага візыту паўночнакарэйскага лідэра паміж КНДР і Расеяй не было падпісана нейкіх афіцыйных дамоўленасьцяў. Прынамсі, публічна аб падпісаньні двухбаковых дакумэнтаў не паведамлялася.
Кім Чэн Ын прыехаў у Расею на цягніку ў аўторак, 12 верасьня. Гэта ягоны першы замежны візыт з 2019 году, тады ён таксама прыяжджаў у Расею. 13 верасьня адбылася яго сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на касмадроме Ўсходні ў Амурскай вобласьці.
Заходнія СМІ перад візытам Кіма і падчас яго са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што ён мог весьці перамовы з расейскімі ўладамі пра двухбаковае супрацоўніцтва ў ваеннай сфэры — у тым ліку і пра пастаўкі ў Расею паўночнакарэйскай зброі і боепрыпасаў для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны. Такія пастаўкі супярэчылі б міжнародным санкцыям супраць КНДР. У Вашынгтоне папярэдзілі, што ў выпадку такіх паставак ЗША ўвядуць дадатковыя санкцыі і супраць Пхэньяну, і супраць Масквы.
Расейскія афіцыйныя асобы наўпрост не абверглі магчымасьць такіх паставак, заявіўшы толькі, што Расея выконвае свае абавязаньні. Пуцін заявіў, што паўночнакарэйскіх наймітаў на фронт ва Ўкраіну пасылаць ня будуць.