Сьцісла:
- Візыт у Бішкек стаў першай замежнай паездкай Уладзіміра Пуціна з пачатку 2023 году.
- На перамовы з Лукашэнкам у пуцінскім графіку месца не знайшлося.
- Саміт праходзіў паводле звыклай схемы. Пуцін і Лукашэнка заклікалі да аб’яднаньня постсавецкіх краін на антызаходняй аснове.
- Лукашэнка запэўніваў, што «наша Садружнасьць» — прыклад «мірнага суіснаваньня». Гэта ў той час, калі ва Ўкраіне ідзе кровапралітная вайна, разьвязаная Расеяй.
Кожны саміт СНД мае сваю спэцыфіку. Цяперашняя сустрэча лідэраў большасьці постсавецкіх краін у сталіцы Кіргізстану Бішкеку па-свойму адметная.
Найперш, усе зьвярнулі ўвагу, што візыт у Бішкек стаў першай сёлетняй замежнай паездкай Уладзіміра Пуціна. Папярэдні ягоны выезд за мяжу адбыўся ў сьнежні 2022 году — тады ён быў з працоўным візытам у Беларусі. Амаль год не пакідаў тэрыторыю РФ. Гэта вынік і міжнароднай ізаляцыі Расеі, і страху быць арыштаваным паводле ордэру Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Асаблівым кантрастам гэта выглядае на тле актыўных міжнародных візытаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Другі важны факт. Упершыню саміт СНД праігнараваў лідэр Армэніі. Армянскі прэм’ер Нікол Пашыньян адмовіўся ехаць у Бішкек, як можна зразумець, на знак пратэсту супраць таго, што ягоныя партнэры ў СНД і АДКБ (найперш Расея) не падтрымалі армян падчас драматычных падзей у Нагорным Карабаху. Што яшчэ раз даказвае, што СНД ня здольная вырашаць канфлікты на тэрыторыі постсавецкай прасторы і ўвогуле не прыдатная да вырашэньня гэтай задачы.
Таксама варта ўзгадаць, што Малдова ўжо каторы раз ігнаруе мерапрыемствы ў рамках СНД. Хоць фармальна і ня выйшла з гэтай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня саміце СНД ня ўсе захацелі асудзіць «палітызацыю» міжнародных судоў. Лукашэнку гэта пакрыўдзілаУласна, сам саміт СНД прайшоў 13 кастрычніка. А 12 кастрычніка лідэры постсавецкіх краін скарысталі на двухбаковыя сустрэчы. Аляксандар Лукашэнка гэты дзень праігнараваў, прыляцеў толькі ўвечары.
Пэўная інтрыга палягае ў тым, што не адбыліся перамовы Лукашэнкі з Пуціным. А яны анансаваліся з абодвух бакоў. У канцы верасьня Лукашэнка нават абазначыў парадак дня гэтых перамоваў. Галоўнай тэмай сустрэчы, як меркавалася, павінна было стаць пытаньне лягістыкі беларускага экспарту праз тэрыторыю Расеі, транзыту грузаў праз парты РФ. Каб удакладніць усе праблемы, якія трэба тэрмінова вырашыць у двухбаковых дачыненьнях, Лукашэнка правёў адмысловую нараду, потым прыняў амбасадара Беларусі ў Расеі Дзьмітрыя Крутога. Прэсавы сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітрый Пяскоў, апавядаючы пра візыт Пуціна ў Бішкек, адмыслова падкрэсьліў, што «плянуецца там сустрэча з Лукашэнкам».
Але раптам усё памянялася. Пуцін прыляцеў у сталіцу Кіргізстану загадзя, 12 кастрычніка, правёў там двухбаковыя перамовы з кіргізстанскім прэзыдэнтам Садырам Джапаравым, а таксама з кіраўніком Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. Наступным днём сустрэўся з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонам. А на перамовы з Лукашэнкам у пуцінскім графіку месца не знайшлося. І гэта вельмі дзіўна.
Што да самога саміту, то тут усё адбывалася паводле звыклай схемы. Пуцін і Лукашэнка заклікалі да аб’яднаньня постсавецкіх краін на антызаходняй аснове («наша шчасьце тут»).
Лукашэнка запэўніваў, што «наша Садружнасьць» — прыклад «мірнага суіснаваньня». Кіраўнікі дзяржаў СНД на саміце ў Бішкеку прынялі рашэньне аб заснаваньні мэдаля «За ўклад ва ўмацаваньне міру» (!). Гэта ў той час, калі ва Ўкраіне ідзе крывавая вайна, разьвязаная Расеяй, толькі што адгрымелі баі ў Карабаху. Каб давесьці сытуацыю да поўнага абсурду, варта было б узнагародзіць гэтым мэдалём Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча, каб СНД баяліся ўсе, як у свой час СССР. Саміт у Бішкеку ўпершыню праходзіць без АрмэнііЛукашэнка абурыўся, што большасьць удзельнікаў саміту ў выніковым дакумэнце адрынула тэзіс аб заклапочанасьці наконт «палітызацыі дзейнасьці міжнародных судоў». Маўляў, «навошта нам гэтыя міжнародныя суды?». Відаць, гэтая тэма яму моцна баліць.
Таксама ён вылучаў фантастычныя ідэі — выступаць як адзіная арганізацыя ў ШОС, БРІКС. Хоць у ніводную з гэтых арганізацый Беларусь не ўваходзіць.
Яшчэ адзін вельмі адметны тэзіс з выступу Лукашэнкі. Ён адзначыў, што вырашаць існуючыя задачы неабходна менавіта цяперашняму пакаленьню палітыкаў, якія нарадзіліся і былі выхаваныя ў Савецкім Саюзе. І патлумачыў: «Цяперашняя моладзь наўрад ці справіцца. Большасьць зь іх ужо не разумеюць многіх каштоўнасьцей і выгод, якія нас аб’ядноўвалі і пакуль што абʼядноўваюць цяпер».
З гэтым можна пагадзіцца. Большасьць лідэраў СНД — палітычныя дыназаўры, іх эпоха зь яе каштоўнасьцямі сышла, а яны нейкім цудам пакуль захаваліся. Але гэта не надоўга.