Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікала краіны, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, «прызнаць Уладзіміра Пуціна нелегітымным пасьля заканчэньня яго цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну і спыніць усе кантакты зь ім, за выключэньнем гуманітарных кантактаў і для дасягненьня міру».
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ПАРЭ, Уладзімір Пуцін знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта або прэм’ер-міністра з 2000 году. Папраўкі да Канстытуцыі Расеі ў ліпені 2020 году падоўжылі яго патэнцыяльны прэзыдэнцкі тэрмін да 2036 году, прывялі да адсутнасьці ў краіне інструмэнтаў стрыманьня і проціваг.
«Пераважная ўлада прэзыдэнта, якая вынікае з надзвычай доўгага тэрміну знаходжаньня на пасадзе, у спалучэньні з адсутнасьцю якіх-небудзь стрымак і проціваг, такіх як моцны парлямэнт, незалежная судовая сыстэма, свабодныя СМІ і актыўная грамадзянская супольнасьць, ператварыла Расейскую Фэдэрацыю ў дэ-факта дыктатуру», — заявілі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Адпаведную рэзалюцыю ў ПАРЭ падтрымалі аднагалосна. У ёй адзначаецца, што «адмова ад абмежаваньня тэрміну паўнамоцтваў для дзейнага прэзыдэнта парушае як расейскую канстытуцыю, так і міжнародныя прававыя прынцыпы».
ПАРЭ згадала і Беларусь:
«Гэтыя тэндэнцыі з абмежаванай рэакцыяй міжнароднай супольнасці стварылі трывожны прэцэдэнт для краін, у якіх адсутнічаюць трывалыя дэмакратычныя традыцыі, як гэта відаць у выпадку Беларусі, дзе самаабвешчаны прэзыэнт дэ-факта захоўвае ўладу, нягледзячы на непрызнаньне вынікаў выбараў 2020 году».
ПАРЭ згадала расейскую агрэсію супраць Украіны і яе наступствы як на доказ таго, што дыктатуры «нясуць пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы, а таксама тэрытарыяльнай цэласнасьці і палітычнай незалежнасьці сваіх суседзяў», як гэта вызначана ў артыкуле 2 Статуту ААН. Такім чынам парлямэнтары заявілі, што аднаўленьне дэмакратыі ў Расеі ў інтарэсах ня толькі расейскага народу, але і Эўропы, і ўсяго сьвету.
ПАРЭ пацьвердзіла сваю падтрымку стварэньню спэцыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбуналу «для прыцягненьня да адказнасьці расейскага кіраўніцтва, уключаючы Ўладзіміра Пуціна», за іх дзеяньні, пачынаючы зь незаконнай анэксіі Крыму, вайны ў Данбасе і зьбіцьця рэйсу MH17.
На ўхваленьне рэзалюцыі адрэагавалі ва Ўкраіне.
«Вітаю моцную рэзалюцыю ПАРЭ, якая прызнае Расею дыктатурай. Больш за 20 гадоў аднаасобнага неканстытуцыйнага праўленьня прыводзіць да злачынстваў унутры і за межамі краіны», — заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала «мяккую анэксію» Беларусі Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб беларускіх уцекачах расказаў, як краіны Рады Эўропы будуць выконваць рэкамэндацыіШто такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.