У Расеі затрымалі трох адвакатаў палітвязьня Навальнага

Аляксей Навальны падчас суду празь відэасувязь. Чэрвень 2023

Сьледчыя затрымалі ў якасьці падазраваных трох адвакатаў зьняволенага апанэнта Пуціна Аляксея Навальнага — Вадзіма Кобзева, Аляксея Ліпцэра, Ігара Сяргуніна, паведамляюць паплечнікі палітыка.

Чакаецца, што ўсім траім неўзабаве будуць выбіраць меру стрыманьня.

Раней у іх прайшлі ператрусы. Вядома, што ператрусы зьвязаныя са справай аб удзеле ў «экстрэмісцкай супольнасьці» (артыкул 282.1 КК).

Паплечнік Навальнага Леанід Волкаў паведаміў, што Навальнага павінны неўзабаве перавесьці ў калёнію асаблівага рэжыму, «невядома куды».

У жніўні 2023 года Навальнаму прысудзілі 19 гадоў калёніі асаблівага рэжыму ў справе аб стварэньні экстрэмісцкай супольнасьці. Палітыка тады абвінавацілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па чатырох зь іх суд вызваліў яго ад адказнасьці праз заканчэньне тэрмінаў даўнасьці. Навальнага ў адпаведнасьці з выракам павінны накіраваць у калёнію асаблівага рэжыму, у якіх утрымліваюцца асуджаныя на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, а таксама небясьпечныя рэцыдывісты.

Цяпер Навальны знаходзіцца ў калёніі строгага рэжыму ва Ўладзімірскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальнага на год перавялі ў адзінае памяшканьне камэрнага тыпу — гэта самыя строгія ўмовы ў калёніях Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага апазыцыянэра Навальнага асудзілі яшчэ на 19 гадоў зьняволеньня