У Беларусі будуць уводзіць забаронныя зоны і раёны ня толькі каля вайсковых аб’ектаў

Будынак ураду Беларусі. Архіўнае фота

У межах забароннага раёну дадаткова будуць ствараць зону, у якой забаронена выкарыстаньне паветранай прасторы.

Савет міністраў Беларусі ўхваліў пастанову, паводле якой каля спэцыяльных аб’ектаў будуць стварацца забаронныя зоны і раёны.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, гэтае рашэньне ўхвалілі для «забесьпячэньня ўтрыманьня і бесьперабойнага функцыянаваньня аб’ектаў абароннай інфраструктуры, бясьпекі захоўваньня боепрыпасаў, узбраеньня, тэхнікі і іншай маёмасьці ад нэгатыўнага ўзьдзеяньня надзвычайных сытуацый тэхнагеннага характару».

Забаронныя зоны будуць ствараць каля складоў з боепрыпасамі, з прамысловымі выбуховымі рэчывамі, палівам, узбраеньнем і вайсковай тэхнікай. У гэтых зонах забараняюць пражываньне насельніцтва і знаходжаньне людзей за выключэньнем лясной аховы і адказных асобаў, будаўніцтва, гаспадарчая дзейнасьць, стварэньне зон адпачынку і стаянак для транспарту, разьвядзеньне вогнішчаў, стральба з любога віду зброі, правядзеньне выбуховых прац і дэманстрацыі фэервэркаў.

У межах забароннага раёну дадаткова будуць ствараць зону, у якой забаронена выкарыстаньне паветранай прасторы.

Згодна з пастановай ураду, забаронныя зоны і раёны могуць стварацца ня толькі вакол аб’ектаў, што належаць Узброеным сілам ці іншым вайсковым фармаваньням Беларусі, а і вакол «спэцыяльных аб’ектаў».

Абгрунтаваньне неабходнасьці стварэньня забароннай зоны ці раёну вызначана як службовая інфармацыя з абмежаваньнем яе распаўсюду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў дывэрсію супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах праз тыдзень пасьля здарэньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла аб выбуху на чыгунцы пад Менскам. Што сказалі ў дзяржструктурах